Усе тры арыштаваныя ўдзельніцы гурта «Pussy Riot» застануцца за кратамі да суда


Сёння маскоўскі гарадскі суд прызнаў законным працяг арышту Надзеі Талаконнікавай, Марыі Алёхінай і Кацярыны Самуцэвіч. Суддзя не прыняў да ўвагі довады адвакатаў і спіс паручальнікаў з 54 публічных расейскіх асобаў, у ліку якіх акторка Чулпан Хаматава, банкір Аляксандр Лебедзеў, галоўны рэдактар «Новой газеты» Дзмітрый Муратаў ды інш. Дзесяць з іх асабіста прысутнічалі на судзе, а Муратаў заявіў, што гадовы ўзяць дзяўчат у штат выдання.

Абвінавачаныя ў правядзенні «панк-малебну» ў Святыні Хрыста Збаўцы падкрэслілі, што іхныя дзеянні не ёсць абразаю асобы або грамадства. Адвакаты дзяўчат папрасілі адводу суддзі, тая адмовіла.

Да гэтага паседжання адвакаты былі ўпэўненыя, што іхных падапечных вызваляць да суда, бо законных падставаў для іхнага ўтрымання пад вартаю няма. Пасля адмоўнага рашэння прадстаўніца маскоўскага гарадскога суда Ганна Усачова назвала такія надзеі астранамічнымі і папрасіла не анансаваць іх публічна – перадусім у медыях.

У сваю чаргу адвакат Марыі Алёхінай Мікалай Полазаў заявіў, што справе шкодзяць менавіта ўлады: «Справе шкодзіць суд – і шкодзіць рэпутацыі дзяржавы, калі выносіць незаконныя рашэнні, чымся праца медыяў».

Усе тры ўдзельніцы гурта застануцца за кратамі да 24 ліпеня. Абвінавачаныя трымаюць галадоўку на знак пратэсту супраць кароткіх тэрмінаў азнаямлення з матэрыяламі справы.

Дзяўчаты з «Pussy Riot» правялі 21 лютага ў маскоўскай царкве Хрыста Збаўцы адмысловы «панк-малебен». Яны прасілі Божую Маці «прагнаць Пуціна» і «зрабіцца феміністкаю». У выніку некаторыя вернікі і кіраўніцтва Праваслаўнай Царквы палічыла, што гэта абразіла іх рэлігійныя пачуцці. У гэтай справе арыштавалі Надзею Талаконнікаву, Марыю Алёхіну і Кацярыну Самуцэвіч, якім за хуліганства пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

belsat.eu

Стужка навінаў