Партыя БНФ інтрыгуе: 11 чалавек у камісіях не прымусілі перадумаць


Усё ж здымуцца або застануцца? Пратыя БНФ дагэтуль трымае інтрыгу.

Ультыматум

Перад выбарамі партыйцы дамовіліся на Сойме пра фармат удзелу ў выбарах. Яны не ўдзельнічаюць, пакуль улады не выканаюць дзвюх прынцыповых умоваў: вызвалення палітвязняў ды ўключэння прадстаўнікоў партыі ў выбарчыя камісіі – акруговыя і ўчастковыя. Без выканання ўладамі гэтых ўмоваў кандыдаты ад Партыі БНФ здымуцца за пяць дзён да галасавання, а сваім выбарнікам будуць расказваць, што рабіць замест галасавання.

Усё тыя ж адсоткі

Як паказалі вынікі ўчорашніх паседжанняў у выканкамах, толькі 11 з 57 вылучэнцаў ад партыі трапілі ў акруговыя камісіі – па ўсёй рэспубліцы. У камісіі Менску ўвайшлі чатыры асобы, па два чалавекі – у Менскай, Віцебскай і Берасцейскай абласцях, адзін – у Гомельскай. Па дзевяць чалавек вылучаліся ў Гарадзенскай і Магілёўскай абласцях, але ніводзін у камісію не трапіў.

Такім чынам, колькасць уключаных у камісіі сябраў Партыі БНФ роўная мінуламу паказніку 20 %, які яшчэ ўчора лічыўся не прымальным для партыйцаў.

Янукевіч пакідае інтрыгу

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч у інтэрв’ю службе інфармацыі «Белсату» паведаміў, што пасля сённяшніх паседжанняў у выканкамах у выбарчай тактыцы партыі нічога не змянілася.

«Пры вызначэнні фармату мы зыходзілі з таго, што выбары не будуць свабоднымі, адкрытымі і будуць адбывацца парушэнні, якія адбываліся і раней. І фактычна сённяшні дзень пацвярджае правільнасць зыходных тэзаў, на якіх мы прымалі рашэнне. Яго сэнс у тым, што, калі што-небудзь змяняецца, то мы будзем ісці да канца. А на сённяшні дзень ніякай новай інфармацыі, якая магла б уплываць на тое рашэнне, няма. На тактыку гэта ніяк не ўплывае», – кажа Аляксей Янукевіч.

Гэта значыць, што партыя будзе ўдзельнічаць у выбарчым працэсе: вылучаць сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі, вылучаць кандыдатаў і праводзіць кампанію – але роўна да 18 верасня. Кандыдаты здымуцца за пяць дзён да галасавання.

belsat.eu

Стужка навінаў