Тысячы вернікаў прыйшлі да цудадзейнага абраза ў Будславе


Мястэчка на паўночным захадзе Беларусі штогод збірае пілігрымаў з усёй Усходняй Еўропы.

6–7 ліпеня тысячы каталікоў з Беларусі і суседніх краінаў прыйшлі пакланіцца цудадзейнаму абразу Божай Маці.

У савецкі час усе праявы рэлігійнага культу, у тым ліку паломніцтвы, былі забароненыя, а вернікі зазнавалі пераслед, аднак пасля распаду Савецкага Саюзу штогадовае паломніцтва ў Будслаў адрадзілася.

«У прынцыпе, я тут першы раз, – кажа адна з паломніц. – Ікона Маці Божай Будслаўскай – цудадзейная, і ўся Беларусь пакланяецца ёй тут. Гэта беларускі рэлігійны цэнтр, і ўсе каталікі Беларусі імкнуцца сюды прыехаць. Яны прывозяць сюды свае праблемы, свае жаданні, свае просьбы, моляцца за сваіх блізкіх ды іхныя клопаты».

Вернікі праходзяць працэсіяй уначы і чуйнуюць перад абразом да раніцы.

Ушаноўваюць святыню і праваслаўныя вернікі.

«Я праваслаўная, але мой муж быў каталіком і заўсёды марыў пра каталіцкую пілігрымку. Ён памёр, і я ажыццявіла ягоную мару, хоць я і праваслаўная», – падзялілася паломніца.

Сёлета ў Будславе не абышлося без эксцэсаў. Працаўнікі міліцыі затрымалі Уладзіміра, пілігрыма з Глыбокага. Міліцыянты звярнулі ўвагу на ягоную кашулю з выяваю святара-пакутніка Мечыслава Багаткевіча і надпісам «Няхай жыве Хрыстос Валадар». Міліцыянты заявілі, што ім «не падабаецца» футболка і завялі затрыманага ў пастарунак. Там паломніка дапытвалі, дзе і за які кошт той купіў кашулю, хто такі ксёндз Багаткевіч, і ці не азначае гэтая футболка прыналежнасці да якой-небудзь арганізацыі? Пасля размовы пілігрыма ўсё ж адпусцілі.

У наступным годзе фэст мае адбыцца з яшчэ большым размахам, бо ў 2013 г. будзе адзначацца 400-годдзе знаходжання на беларускай зямлі абраза Маці Божай Будслаўскай. Амаль чатыры стагоддзі таму абраз прывезлі з Рыму, і з таго часу ён заставаўся ў мясцовым касцёле (за выключэннем кароткага перыяду на пачатку 1990-х гадоў, калі святыню рэстаўравалі).

belsat.eu

Стужка навінаў