Лазавік у Аўстрыю не паедзе – вельмі заняты


Вучыцца праводзіць дэмакратычныя выбары ў Вене будзе старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

12–13 ліпеня ў сталіцы Аўстрыі пройдзе канферэнцыя Арганізацыі бяспекі ды супрацы ў Еўропе (АБСЕ) “Дэмакратычныя выбары і назіранне за імі”. Неўязныя ў Еўразвяз Мікалай Лазавік і Лідзія Ярмошына атрымалі візы, каб удзельнічаць у ёй.

Гэтае паведамленне выклікала шырокі рэзананс у медыях. “Як правіла, на такія канферэнцыі збіраюцца кіраўнікі цэнтрвыбаркамаў краінаў – удзельніц АБСЕ, кіраўнікі міжнародных арганізацыяў, якія займаюцца маніторынгам выбараў, а таксама кіраўнікі АБСЕ і Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ”, – адзначыў Лазавік.

Паводле яго, кіраўніцтва ЦВК Беларусі ўдзельнічала ў такіх канферэнцыях і ў мінулыя гады. Праўда, летась пасля прэзідэнцкіх выбараў сакратар ЦВК не змог паехаць у Малдову. “Аднак гэтым разам, імаверна, кіраўніцтва АБСЕ хоча атрымаць запрашэнне дзеля назірання за выбарамі ў Беларусі, таму мы і былі запрошаныя на канферэнцыю”, – выказаў ён меркаванне.

Сакратар ЦВК паведаміў, што візы ў Аўстрыю былі адкрытыя як на ягонае імя, так і на імя Лідзіі Ярмошынай. Аднак паляціць у Вену толькі Ярмошына: Лазавік застанецца кіраваць камісіяй, у якой шмат працы напярэдадні вераснёвых выбараў у парламент.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары