Павел Свярдлоў – на волі. У ізалятары не сумаваў


Журналіста “Еўрарадыё”, былога выкладчыка факультэту журналістыкі БДУ, уладальніка “Крыштальнай савы” на шоу “Што? Дзе? Калі?”, затрымалі 22 чэрвеня нібыта за нецэнзурную лаянку.

На судзе сведкамі былі міліцыянты з надзвычайным слыхам. Гэтак, адзін з іх, быўшы на адрасе вул. Рафіева 80, здолеў пачуць лаянку Свярдлова на вул. Лермантава 80. Адлегласць паміж вуліцамі, дарэчы, складае некалькі кіламетраў, а Лермантава 80 увогуле няма на сталічнай мапе.

Гэткія дробязі не перашкодзілі суддзі Алене Шылько асудзіць журналіста на 15 дзён адміністратыўнага арышту.

Як распавёў “Белсату” Свярдлоў адразу ж пасля выхаду на свабоду, наймацней ён баяўся голаду і адзіноты. “Але пайкі аказаліся нясмачныя, але вялікія, таму галадаць не давялося. А вось наконт адзіноты – гэта сур’ёзна, асабліва да першай перадачы, калі няма ні кніг, ні асадкі. І калі думаеш, што ўсе 15 содняў будзеш сядзець і глядзець у гэтае акенца на дзвярах, – гэта, вядома, непрыемнае адчуванне”, – кажа Павел Свярдлоў.

Аднак прыйшлі кнігі ды сшыткі, таму “сумаваць не было ніякага рэзону, і давялося 15 дзён весяліцца”, – усміхнуўся журналіст.

belsat.eu

Стужка навінаў