Сяргей Чалы: Для МВФ Беларусь – «зразумелы выпадак»


На думку эканаміста Сяргея Чалага, Беларусь можа атрымаць крэдыт ад МВФ. Для гэтага трэба толькі палітычная воля ўладаў Беларусі. А вось леташні крэдыт ад ЕўрАзЭс аказаўся непатрэбны.

МВФ сам хоча даць крэдыт{movie}Сяргей Чалы: МВФ сам зацікаўлены ў супрацы|right|5209{/movie}

Паводле эканаміста Сяргея Чалага, Міжнародны валютны фонд зацікаўлены ў крэдытаванні Беларусі. Вядома ж, калі ўрад будзе цалкам выконваць усе рэкамендацыі ды ўмовы, выстаўленыя ў якасці абавязковых для атрымання грошай.

“Для іх Беларусь – гэта такі “зразумелы выпадак”: няма ніякіх тэарэтычных праблемаў, ясна, які рэцэпт выпісаць хвораму для таго, каб ён стаў здаровым. Самому Фонду хочацца атрымаць нейкі пазітыўны вынік, сказаць: “Мы дасягнулі поспеху хаця б з Беларуссю”, – гаворыць эканаміст. – З нашага гледзішча, зацікаўленасць у фінансаванні з боку МВФ абумоўленая тым, што гэта самыя “танныя” грошы, якія мы можам атрымаць”.

Пры параўнанні ўмоваў крэдытаў ад ЕўрАзЭс і ад МВФ апошнія выглядаюць больш прывабнымі, бо патрабаванні Міжнароднага валютнага фонду не такія жорсткія. Нагадаем, адна з асноўных умоваў атрымання грошай ад ЕўрАзЭс – штогадовая прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў на суму $ 2,5 млрд.

Грошы ад ЕўрАзЭс – непатрэбныя{movie}Сярей Чалы: Грошы ад ЕўрАзЭс – непатрэбныя|right|5210{/movie}

Умовы атрымання крэдыту ад ЕўрАзЭс могуць быць перагледжаныя. Прынамсі гэта цяпер у інтарэсах афіцыйнага Менску, мяркуе Сяргей Чалы.

“Нечакана высветлілася, што гэтыя грошы – $ 440 млн з апошняга траншу – непатрэбныя. І гаворка ідзе не аб прыватызацыі на $ 2,5 млрд, а пра тое, што цяпер няма патрэбы папаўняць золата-валютныя рэзервы”, – падкрэсліў эксперт.

С. Чалы адзначыў, што ўмовы крэдыту ад ЕўрАзЭс былі нявыгадныя для Беларусі. Расейцы ж кіраваліся сваймі інтарэсамі – атрымаць частку непрыватызаванай беларускай дзяржаўнай маёмасці.

“Калі год таму мы былі ў вельмі кепскай сітуацыі і звярнуліся да Расеі па дапамогу, гэтая “дапамога” была ў такім духу: “У вас няма грошай? Мы вам дапаможам… добра прадаць вашую нырку”. Гэта жахлівая дапамога”, – дадаў Сяргей Чалы.

belsat.eu

Стужка навінаў