Канфіскацыя «Вясны»: Не ведаем як, але арганізацыя не разваліцца


Хутка офіс праваабарончага цэнтру “Вясна” пераедзе. На рашэнне суда, кватэру, дзе працуюць вясноўцы, адбірае дзяржава. Праваабаронцы да высялення гатовыя, але новае месца дыслакацыі яшчэ не вызначанае. Яны разглядаюць варыянты і шукаюць найлепшага выйсця.

6 ліпеня стала вядома, што суд вырашыў сканфіскаваць жылое памяшканне, якое належыць сям’і кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна” Аляся Бяляцкага. Наталля Пінчук – жонка праваабаронцы, які цяпер за кратамі адбывае пакаранне нібыта за нявыплату падаткаў, – збіраецца абскарджваць судовае рашэнне. Аднак гэта не азначае, што вясноўцы будуць абароненыя ад гвалтоўнага высялення.

Сітуацыю службе інфармацыі “Белсату” патлумачыла намесніца Алеся Бяляцкага ў “Вясне” Таццяна Равяка.

“Мы маглі працаваць у гэтым офісе, пакуль вызначалася доля сям’і ў маёмасці, якую суд пастанавіў сканфіскаваць у Алеся Бяляцкага. 4 ліпеня рашэнне было прынятае, і офіс наш падлягае канфіскацыі. Будзе касацыйная скарга, але колькі ў нас ёсць часу і калі апячатаюць офіс, цяпер сказаць цяжка. Нам невядома, як будзе развівацца сітуацыя далей”, – кажа спадарыня Равяка.

Праваабаронца запэўнівае, што “Вясна” будзе функцыянаваць у звычайным рэжыме ў любым выпадку. Як толькі быў вынесены прысуд пра канфіскацыю маёмасці, вясноўцы пачалі шукаць варыянтаў, каб працягнуць нармальную працу.

“У нас ёсць пэўныя напрацаванні ды дамоўленасці, якіх я пакуль не магу раскрываць. Мы ў любым выпадку захаваем арганізацыйнае адзінства і зробім усё магчымае, каб у нас быў офіс. Для нас важна, каб, калі Алесь выйдзе на волю, ён пабачыў, што “Вясна” за гэты час не знікла, не развалілася. Мы мусім захаваць тую справу, за якую ён сядзіць”, – гаворыць Таццяна Равяка.

belsat.eu

Стужка навінаў