Афіцыйны Менск не будзе супрацоўнічаць са спавяшчальнікам ААН у справе Беларусі


Міністэрства замежных справаў заяўляе, што не прызнае рэзалюцыі пра Беларусь, прынятай у Жэневе Радаю правоў чалавека ААН (РПЧ).

«Беларусь катэгарычна адпрэчвае гэтую рэзалюцыю як палітычна матываваную, якая не мае нічога агульнага з заахвочваннем правоў чалавека. Беларускі бок таксама не прызнае мандату адмысловага спавяшчальніка ў справе Беларусі, які ствараецца гэтаю рэзалюцыяй, і не будзе з ім супрацоўнічаць», – гаворыцца ў заяве беларускага МЗС.

У прынятай рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да ўладаў Беларусі неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязняў, правесці поўнае і празрыстае расследаванне ўсіх паведамленняў аб прымяненні катаванняў і выпадках негуманнага стаўлення да палітвязняў, неадкладна спыніць практыку адміністратыўных затрыманняў прадстаўнікоў апазіцыі ды грамадзянскай супольнасці, журналістаў і праваабаронцаў ды не замінаць іх свабоднаму перамяшчэнню, у тым ліку выезду за межы краіны.

У Міністэрстве замежных справаў назвалі гэтыя заклікі «інструментам палітычнага маніпулявання і ціску».

belsat.eu

Стужка навінаў