Меркаванні: «Фэйсбук» адкрывае беларускіх геяў і лесбіянак


Хлопчык трымае за руку хлопчыка, дзяўчынка – дзяўчынку. Новыя іконкі для статусаў у “Фэйсбуку” дапамагаюць геям і лесбіянкам “узаконіць” свае стасункі хаця б на сацыяльным узроўні. Адмаўляючы меншасцям у праве на шлюб, беларуская дзяржава аказваецца на перыферыі прагрэсу. І гэта некаторых моцна раздражняе.

Дробязь, а прыемна



Сяргей Андросенка
– адкрыты гей, у стасунках з партнёрам ужо год. Кіраўнік праекту “ГейБеларусь” вітае такую драбязу, як новыя пазнакі ў сацыяльных сетках. Сяргей кажа, што шмат якія з ягоных знаёмых параў ужо памянялі іконкі ў “Фэйсбуку” і зрабілі свае стасункі ўсім бачнымі.

“Мы з партнёрам вырашылі, што спачатку нашая пара мусіць прайсці выпрабаванне часам. І калі мы праз два гады пабярэмся шлюбам дзесьці ў Скандынавіі, то адразу зменім афіцыйны статус у “Фэйсбуку”. І ў нас таксама будзе такая іконка”, – кажа кіраўнік гей-арганізацыі.

У Беларусі геі ды лесбіянкі не маюць магчымасці пабрацца шлюбам або ўступіць у партнёрства. І на думку спадара Андросенкі, новаўвядзенне “Фэйсбуку” мае вялікае сімвалічнае значэнне. Ён выказвае нараканні на іншую сацыяльную сетку – “Вконтакте”. Каб паказаць, што аднаполыя людзі маюць дачыненні, аднаму з іх трэба памяняць у сеціве пол. Расейская сацыяльная сетка тэхнічна не дазваляе аднаполым партнёрам зрабіць сваю сувязь бачнаю для грамадства.

Некаторых раздражняе

У Саратаве фэйсбучныя малюнкі раззлавалі праваслаўных вернікаў не на жарт. Яны пагражаюць правайдарам судамі ды хочуць заблакаваць “Фэйсбук”. У кантэксце агульнай гамафобнай палітыкі Расеі – нічога дзіўнага. Не так даўно расейцы прынялі закон аб забароне прапаганды гомасексуальных адносінаў і цяпер судзяць кожнага, хто імкнецца адстойваць правы меншасцяў.

У Беларусі ўлады таксама не вітаюць геяў і лесбіянак. Забароненыя мітынгі ды імпрэзы, што мелі б спрыяць талерантнасці ў грамадстве. Нецярпімасць існуе і ў шэрагах апазіцыйных структураў, якія фундуюцца еўрапейскімі дэмакратыямі.

Заплюшчыць вочы

Акрамя чыноўнікаў, актывісты БХД і БНФ – адзіныя, хто набраўся смеласці выявіць свае гамафобныя настроі. Служба інфармацыі тэлеканалу “Белсат” запыталася ў сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага: ці клапоцяць яго і партыю новыя іконкі ў “Фэйсбуку”?

“Не было ў БХД часу і жадання, каб змагацца з нейкімі малюнкамі ў “Фэйсбуку”. У свеце шмат праблемаў. Безумоўна, мы не хаваем нашых поглядаў, ёсць афіцыйная пазіцыя партыі, але трэба ведаць прыярытэты. І ў спісе прыярытэтаў партыі няма вызначэння, якімі будуць значкі на “Фэйсбуку”. Праблема маральнасці ды выхавання беларускага грамадства нашмат шырэйшая, чым сацыяльныя сеткі”, – кажа Віталь Рымашэўскі.

Спадар Андросенка таксама адзначае ў гэтым пытанні ўтульную для беларусаў пазіцыю – не заўважаць: “Нашая блогасфера ўспрыняла гэта абыякава, у адрозненні ад саратаўскіх гамафобаў. Яны не палічылі, што здарылася нешта важнае. Бо Беларусь занятая выжываннем. А рэлігійная гамафобія не так развітая, як у Расеі, дзякуй Богу. У нас няма такой шчыльнай сувязі дзяржавы і царквы, таму назіраецца даволі свецкая дыктатура”.

Як кажа кіраўнік “ГейБеларусь”, баяцца трэба не рэакцыі павялічэнне адкрытасці гей-супольнасці ўнутры краіны, а прыходу ў Беларусь тэндэнцыяў з-за ўсходняй мяжы.

belsat.eu

Стужка навінаў