Канфлікт вакол ушчыльнення Уручча-2. Першыя затрыманні


Сёння ўлады паказалі: з жыхарамі мікрараёну размова будзе кароткая. Міліцыя затрымала намесніка старшыні ЖБК-494 Леаніда Мажайскага і маладога чалавека, імя якога пакуль невядомае.

Хлопец дапамагаў праехаць інваліду на вазку, а пастаўленая ўчора будаўнічая агароджа закрывала дарогу. Тады малады чалавек трохі адсунуў плот, каб інвалід мог праехаць. Пільныя ахоўнікі правапарадку пабачылі ў гэтым акт агрэсіі супраць будовы і затрымалі парушальніка.

Леаніда Мажайскага затрымалі ранкам у скверы, дзе жыхары паставілі памятны камень у гонар героя вайны Русіянава. Будаўнікі паспрабавалі збудаваць прыбіральню і падсобнае памяшканне. Як паведамлялася, тут плануецца паставіць два дамы для працаўнікоў палка міліцыі спецыяльнага прызначэння ГУУС Менгарвыканкаму.

“Мажайскі ды іншыя жыхары мікрараёну сталі пад стралу крана, які збіраўся паставіць прыбіральню на зямлю. Будаўнікі выклікалі міліцыю. Прыкладна ў гэты момант Мажайскаму стала дрэнна, і ягоная жонка выклікала хуткую дапамогу. Першая прыехала міліцыя і, не чакаючы хуткай, забрала Мажайскага ў гарадскі аддзел міліцыі на вуліцы Уручскай”, – распавяла мясцовая жыхарка Валянціна Малюціна.

У выніку, паводле спадарыні Малюцінай, хуткая дапамога забрала Мажайскага з аддзелу міліцыі даставіла ў 2-ю гарадскую бальніцу з павышаным ціскам і арытміяй. “Аднак разам з ім выехаў нарад, і як толькі Мажайскаму стала лепш, яго павезлі назад у пастарунак”, – адзначыла Малюціна.

Паводле яе інфармацыі, на Мажайскага складаецца пратакол за супраціў працаўнікам міліцыі, хоць ніякага супраціву ён фізічна аказваць не мог.

belsat.eu

Стужка навінаў