Родным Кавалёва не могуць патлумачыць сэнсу жорсткіх законаў


Маці і сястра Уладзіслава Кавалёва, аднаго з двух прыгавораных да смяротнай кары і расстраляных за тэракт у менскім метро, не атрымалі абгрунтавання забароны на выдачу сваякам целаў пакараных і ўтойванне месца іхнага пахавання.

За што караюць сваякоў расстраляных?

Паводле рашэнняў Камітэту правоў чалавека ААН, «становішча поўнай сакрэтнасці адносна даты пакарання і месца пахавання і адмова ў выдачы цела для пахавання раўнацэнныя запалохванню або пакаранню сем’яў, бо іх наўмысна пакідаюць у стане няпэўнасці і псіхічных пакутаў».

Маці і сястра Кавалёва прасілі адказаць, на якой падставе ў ч. 5 арт. 175 Крымінальна-выканаўчага кодэксу гаворыцца, што «цела для пахавання не выдаецца, пра месца пахавання не паведамляецца». У сваіх заявах яны таксама выказвалі неразуменне, чаму, калі чалавек ужо расстраляны і прысуд выкананы, фактычна ўчыняюць здзек са сваякоў пакаранага, не выдаючы цела і ўтойваючы месца ягонага пахавання.

Органы выканаўчай і заканадаўчай улады адмоўчваюцца

Свае звароты яны скіравалі да прэзідэнта Беларусі, у абедзве палаты парламенту, да начальніка Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС, генеральнага пракурора і ў Вярхоўны суд.

«Толькі Савет Рэспублікі не спаслаўся на адсутнасць паўнамоцтваў і паспрабаваў даць адказ па сутнасці пытання, – гаворыць праваабаронца Раман Кісляк. – На думку гэтага органу, у Крымінальна-выканаўчым кодэксе замацаванае патрабаванне аб непублічнасці выканання смяротнай кары, і гэтае патрабаванне распаўсюджваецца на шэраг арганізацыйна-практычных працэдураў, звязаных з выкананнем такога прысуду і пахаваннем расстралянага».

Паводле праваабаронцы, у астатніх пяці атрыманых адказах сваячкам Кавалёва службовыя асобы паведамілі, што не валодаюць кампетэнцыяй або паўнамоцтвамі «тлумачыць», «абгрунтоўваць» або «даваць ацэнку» наяўнасці гэтай нормы ў законе.

«Пры знаёмстве з адказамі ўзнікае адчуванне, што трапіў у зачараванае кола. У Вярхоўным судзе і Генеральнай пракуратуры паведамляюць: Палата прадстаўнікоў мае «кампетэнцыю афіцыйнага тлумачэння Крымінальна-выканаўчага кодэксу». А Палата прадстаўнікоў заяўляе, што «не ўпаўнаважаная тлумачыць пытанні прымянення заканадаўства, даваць ацэнку дзеянням дзяржаўных органаў і арганізацыяў», – адзначыў Раман Кісляк.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары