Радзіма развіталася са сваім сынам. Пахаванне Сяргея Вітушкі


Беларусь праводзіла ў апошні шлях пісьменніка і грамадскага дзеяча Сяргея Вітушку.

Аддаць апошнюю даніну павагі легендарнаму актывісту “Талакі” прыйшлі грамадскія і палітычныя дзеячы, журналісты, праваабаронцы. Паніхіда прайшла ў грэка-каталіцкай царкве пры душпастырскім цэнтры Св. Язэпа.



Сяргей Вітушка
доўгі час хварэў, страціў зрок, яму ампутавалі нагу, але да апошняга ўздыху ён заставаўся шчырым патрыётам і адданым сынам сваёй Бацькаўшчыны. Ён жыў згодна з правілам: “Будзе не так, як гісторыя захоча, будзе так, як мы зробім”.

Палітык Вінцук Вячорка падкрэсліў: “Гэта быў рамантык, ідэаліст, але рамантык, які ўмеў увасабляць свае ідэалы ў жыццё і мог весці людзей за сабою, аб’ядноўваў іх вакол свайго ідэалу”.

Вячорка дадаў, што эпоха “Талакі”, якая папярэднічала беларускаму нацыянальнаму адраджэнню, у першую чаргу звязаная з імем Вітушкі.

“Больш ідэальнага чалавека я не сустракаў за 50 гадоў жыцця”, – зазначыў палітык Віктар Івашкевіч. Ён падкрэсліў, што Вітушка любіў усіх людзей і меў дар распазнаваць добрае ў людзях. “Ведаючы пра сваю хваробу, з дзяцінства ён чакаў і думаў пра смерць. Але ён не стаў узлаваным чалавекам, ён заўсёды імкнуўся да пазітыву”, – сказаў Івашкевіч.

Сяргей Вітушка памёр 2 ліпеня ад цукровага дыябету ў віленскім шпіталі ва ўзросце 47 гадоў. Пахаваны на могілках у роднай вёсцы Рогава.



Грамадская дзейнасць Сяргея Вітушкі

У 1980-я гг. Сяргей Вітушка ўзначальваў легендарнае моладзевае аб’яднанне “Талака” – адну з самых уплывовых арганізацыяў беларускай дэмакратычнай супольнасці, якая стала пазней сімвалам моладзевага супраціву таго часу. “Талака” займалася гістарычна-асветнаю дзейнасцю, удзельнічала ў археалагічных раскопках і рэстаўрацыі помнікаў, дамагалася адкрыцця беларускамоўных школаў і класаў.

Сяргей Вітушка ўваходзіў у групу беларускай моладзі, якая ў 1990 г. ініцыявала рэгістрацыю першай абноўленай грэка-каталіцкай парафіі ў Менску. Калі прыязджаў у беларускую сталіцу з Вільні, удзельнічаў у набажэнствах у парафіі Св. Язэпа.

У дакументальным цыкле “Белсату” “Хто ёсць кім” адна з серыяў прысвечаная гэтаму выдатнаму дзеячу. Таксама Сяргей Вітушка браў удзел у адным з выданняў праграмы “Два на два”.

belsat.eu

Стужка навінаў