Ва Уруччы-2 пачалі падрыхтоўку да будовы. Жыхары гатовыя пратэставаць


Сёння раніцаю ў зялёнай зоне мікрараёну ўсталявалі жалезную агароджу для будаўнічай пляцоўкі.

Нягледзячы на абяцанні сталічных уладаў, што пытанне аб ушчыльненні яшчэ будзе разглядацца, выглядае, што ўсё вырашылі без удзелу грамадзянаў.

“Мы дзяжурылі ў гэтым скверы і на пачатку дзявятай гадзіны ўбачылі, што пад’ехалі грузавыя аўтамабілі з жалезабетоннымі плітамі ды жалезнаю агароджаю. Мы зразумелі, што пачынаецца забудова. Калі мы запатрабавалі дазвольных дакументаў, нам паказалі копію рашэння абносіць тэрыторыю і весці падрыхтоўку да будаўніцтва”, – распавяла актывістка Валянціна Малюціна.

Яна падкрэсліла, што ў пясочніцах былі дзеці, якіх напалохаў шум трактара, і бацькі вымушаныя былі іх адвесці. “Забралі ў нас апошні зялёны куток, мы не маем права ні на нармальныя ўмовы, ні на зялёныя насаджэнні, ні на пляцоўкі для адпачынку. Нам улады раяць ісці за два кіламетры адпачываць, а найлепш – з’ехаць у вёску жыць”, – адзначыла абураная актывістка.

“Учора было свята вызвалення Менску, а сёння адбываецца акупацыя нашага скверу. Мы ўвечары паспрабуем сабраць людзей, хоць у большасці настрой песімістычны, яны стаміліся змагацца супраць уладаў”, – сказала Малюціна. Паводле яе, сёння да пратэстоўцаў прыязджаў кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёну Ігар Кудрэвіч і заявіў, што будаўніцтва будзе весціся на законных падставах, і хутка з’ехаў.

Намеснік старшыні ЖБК-494 Леанід Мажайскі кажа, што жыхары дагэтуль чакаюць адказаў з Адміністрацыі прэзідэнта, куды звярталіся яшчэ ў красавіку, і ад прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, зварот да якога быў перададзены два тыдні таму.

“Я ўпэўнены, што сёння ўвечары яны збіраюцца высечы нашыя дрэвы. Мы тэлефанавалі да Радамана (намеснік старшыні Менгарвыканкаму), але той не адказвае нават на тое, што людзі гатовыя праспект перагарадзіць”, – кажа Мажайскі.

Будаўнікі, што ўсталёўвалі будаўнічую агароджу, не надта хацелі кантактаваць з журналістамі, аднак заявілі, што добра ведаюць, які будынак паўстане на месцы дрэваў, пасаджаных мясцовымі жыхарамі. Паводле іхнай версіі, тут будзе збудаваны “парк культуры і адпачынку “Начная зорачка”.

Як заявіў на прэс-канферэнцыі 28 чэрвеня старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька, сталічныя ўлады прынялі рашэнне пабудаваць у мікрараёне Уручча-2 на два дамы менш, чым планавалася раней. Паводле яго, з жыхарамі мікрараёну прайшла трохгадзінная сустрэча, на якой прааналізавалі “яшчэ раз усе падрыхтаваныя матэрыялы, якія прайшлі ўзгадненні ды былі правераныя”. Шкада, што мясцовыя жыхары ня ведаюць пра гэтыя “ўзгадненні”.

belsat.eu

Стужка навінаў