Беларусы гатовыя да зменаў, але не сваімі рукамі


Паводле звестак Еўрапарламенту, большасць беларусаў гатовая да ліберальных рэформаў.

Беларусы страцілі давер да ўладаў, але яны пакуль не ў стане мабілізавацца – выснова сацыялагічнага даследавання, праведзенага Еўрапарламентам. Еўрапейскія эксперты спрабавалі высветліць настроі ў беларускім грамадстве напярэдадні парламенцкіх выбараў 2012 г.

«Прамытыя мазгі»



«Мазгі большасці людзей прамытыя прапагандаю, яны баяцца хаосу гэтак жа, як і рэпрэсіяў, і не гатовыя мабілізавацца, устаўшы на абарону фундаментальных правоў. У той жа час празаходняя меншасць губляе надзею на здольнасць ЕЗ знайсці выйсце з тупіку і гарантаваць Беларусі дэмакратычную еўрапейскую будучыню», – падаецца ў «Сацыялагічных даследаваннях складу беларускага грамадства».

Эксперты перакананыя, што беларуская апазіцыя «не прывабная для шырокай грамадскасці», бо «раз’яднаная і не мае яснай праграмы».



Што ёсць дэмакратыяй у Беларусі?

Сацыёлагі напісалі таксама, што ў Беларусі наўмысна скажаецца сэнс паняцця «дэмакратыя». Улады распаўсюджваюць меркаванне, што дэмакратыя палягае на праве мець працу, зарабляць на жыллё і карміць сям’ю. Свабода слова, сумлення, прадпрымальніцтва і г. д. малюецца дзяржаўнаю прапагандай у негатыўным святле. Беларускія ідэолагі прыраўноўваюць свабоду да «хаосу, анархіі, няроўнасці і дзікага капіталізму».

Лукашэнка трымае краіну ў сваіх руках, як апісваюць сацыёлагі, дзякуючы «сацыяльнаму кантракту» з насельніцтвам – беларусы добраахвотна адмаўляюцца ад сваіх свабодаў у абмен на абарону прэзідэнта. Лукашэнка трымае грамадства ў дэпалітызаваным стане дзякуючы тром складнікам дзяржаўнай ідэалогіі:

– антыінтэлектуалізму,

– інфантылізацыі

– і прамыванню мазгоў.



Парады для ЕЗ



Даследаванне змяшчае шэраг рэкамендацыяў для Еўразвязу. Адна з іх – «праводзіць паслядоўную палітыку ды ігнараваць Аляксандра Лукашэнку».

Даследаванне лічыць нерэальным поўную юрыдычную рэабілітацыю палітвязняў, «якіх Лукашэнка лічыць асабістымі ворагамі», або правядзенне свабодных і справядлівых выбараў.

Паводле еўрапейскіх сацыёлагаў, «ЕЗ не павінен звяртаць увагі на электаральны фарс, які мае адбыцца», а значыць, не павінен адпраўляць у Беларусь назіральнікаў на парламенцкія выбары. Замест гэтага ЕЗ павінен «заклікаць Беларусь да правядзення круглых сталоў з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўнага сектару і грамадзянскай супольнасці», – рэкамендуюць аўтары даследавання.

belsat.eu

Стужка навінаў