Сірыя лічыць панікёрства прыкметаю тэрарызму


У панядзелак у Сірыі быў апублікаваны дэкрэт прэзідэнта Башара аль-Асада, скіраваны супраць узброенай апазіцыі. Закон быў папярэдне ўхвалены сірыйскім парламентам.

Дакумент прадугледжвае больш жорсткае пакаранне за акты тэрарызму і акрэслівае гэтую з’яву нанова.

У адпаведнасці з новым законам, тэрарыстычны акт – гэта дзеянне, мэты якога – пасеяць паніку сярод людзей і прычыніцца да пашкоджання інфраструктуры краіны. Тэрарыстычнай арганізацыяй, паводле дэкрэту, ёсць група з трох ці больш чалавек, якія плануюць здзейсніць тэрарыстычны акт.

«Людзі, якія забіваюць іншых людзей і нападаюць на войска ды яго абсталяванне, ёсць тэрарыстамі. Яны не маюць нічога супольнага з палітычным працэсам і рэформамі. Я думаю, што Сірыя будзе развязваць гэтую праблему ваенным шляхам, бо тэрарысты не хочуць размаўляць. Яны – не апазіцыя, а хутчэй інструмент знешніх сілаў, каб знішчыць краіну», – заявіў сірыйскі аналітык Басам Абу Абдула.

Прыхільнікі апазіцыі сцвярджаюць, што не ўсе людзі, якія збройна змагаюцца супраць ураду, – тэрарысты. Некаторыя з іх, як пераконваюць праціўнікі сірыйскага рэжыму, проста імкнуцца абараніць сябе. Закон, паводле апазіцыі, дае ўраду магчымасць расправіцца з апанентамі.

«Калі ўрад называе тое, што адбываецца ў краіне, тэрарызмам, каб не дапусціць унутранага палітычнага крызісу і акцыяў пратэсту, я думаю, мы далей будзем заставацца ў віры гвалту», – кажа Луэй Хусэйн, вядомы сірыйскі апазіцыянер.

belsat.eu

Стужка навінаў