90% школ Менску будуць пачынаць заняткі а 9:00


Заняткі ад 9 раніцы будуць пачынацца ў 217 установах агульнай сярэдняй адукацыі сталіцы, ад 8:30 — у 22, ад 8:00 — у 2.

Пра гэта на пашыраным пасяджэнні прэзідыума Менгарсавету заявіў старшыня камітэту па адукацыі Менгарвыканкаму Міхаіл Мірончык.

1 верасня ў Менску школьнікаў прымуць 242 установы агульнай сярэдняй адукацыі. 116 школ будуць працаваць у адну змену, з іх у 112 урокі пачнуцца а 9:00, у трох — а 8:30 (Менская дзяржаўная гімназія каледж-мастацтваў, СШ № 127, гімназія № 43) і ў адной — а 8:00 (Менскае гарадское кадэцкае вучылішча №2).

Час пачатку заняткаў ва ўстановах адукацыі, якія працуюць у дзве змены, наступны: у 105 школах навучэнцы будуць прыходзіць да 9:00. У 19 школах Фрунзенскага раёна званок на першы ўрок празвініць а 8:30. А 8:00 пачнуць заняткі навучэнцы толькі ў адной сярэдняй школе — №47 — у сувязі з арганізацыяй тут трэніровачнага працэсу.

Час пачатку заняткаў у школе-новабудоўлі № 41 будзе вызначана зыходзячы з колькасці навучэнцаў.


21 красавіка падчас выступу перад парламентам Лукашэнка паскардзіўся, што Коля не высыпаецца.  12 траўня ён даручыў перагледзець графік працы школаў і загадаў «раней за 9 гадзінаў урокаў не пачынаць». Пасля гэтага «загаду» многія навучальныя ўстановы вырашылі падумаць пра змену часу пачатку заняткаў. Пытанне абмяркоўвалася ў бацькоўскіх камітэтах.

Шмат для якіх бацькоў, якім рана на працу, перанос заняткаў стане праблемай. Каб «падагнаць» час, улады таксама разглядаюць магчымасць скараціць перапынкі паміж урокамі. Таксама ўстановы, якія будуць пачынаць ад 9, будуць адкрыты ад 8.За дзецьмі будуць глядзець педагогі, прапануецца рабіць факультатывы і фізкультуру.

26 траўня Аляксандр Лукашэнка  на сустрэчы з навучэнцамі «Моладзь. Погляд у будучыню» распавёў, што ягоны малодшы сын Мікалай быў супраць ініцыятывы аб пераносе пачатку ўрокаў у школах на 9-ю гадзіну раніцы.

ДР belsat.eu паводле minskanews.by

Стужка навінаў