9 траўня ў інтэрнэце зʼявяцца дакументы «Панамскага архіву»


Кансорцыум журналістаў-следчых «ICIJ» апублікуе інтэрактыўную базу звестак з інфармацыяй пра 200 тыс. афшорных кампаніяў на адрасе offshoreleaks.icij.org.

Паводле прэс-рэлізу ICIJ, архіў будзе змяшчаць «базавую карпаратыўную інфармацыю» пра кампаніі і фонды, зарэгістраваныя ў 21 афшорнай зоне і звязаныя з людзьмі з «больш чым 200 краінаў і тэрыторый».

У базе не будзе звестак пра банкаўскія рахункі і грашовыя пераклады, пашпартныя дадзеныя, нумары тэлефонаў і перапіскі.

У некаторых выпадках апублікуюць унутраныя звесткі Панамскага рэгістратара афшора «Mossack Fonseca» аб сапраўдных уладальніках пэўных кампаніяў.

«Панамскі архіў» – маштабнае расследаванне аб афшорных кампаніях, якія выкарыстоўваюцца ўплывовымі людзьмі для ўхілення ад выплаты падаткаў. Канфідэнцыйныя дакументы атрымалі шырокую агалоску 3 красавіка 2016 года, што выклікала скандал з высокапастаўленымі чыноўнікамі ў розных дзяржавах.

Чытайце таксама>>> Намеснік старшыні Беларускай федэрацыі тэніса зарэгістраваў у Панаме фірму яшчэ ў 1994 годзе

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары