9 траўня ў Горадні: абноўлены Курган Славы і брудныя боты (фота, відэа)


Святкаванне прайшло з аншлагам, праспект Касманаўтаў у раёне кургана часова перакрылі.

Сёлетняе святкаванне запомніцца сапраўднымі натоўпамі блукаючых як па цэнтру, так і ў канцы пр. Касманаўтаў людзей са стужкамі і сцяжкамі. Арт-падрыхтоўка з боку дзяржаўных СМІ ды разнарадкі па прадпрыемствах адназначна далі свой плён: масавасць была забяспечаная.

Упершыню калона з тэхнікай прайшла не праз цэнтр гораду, а праз перакрыты праспект Касманаўтаў у раёне адрэстаўраванага Кургана Славы. Там жа, ля падножжа, месцілася і трыбуна з першымі асобамі. Сярод генералаў і палкоўнікаў апынулася нават настаяцельніца жаночага праваслаўнага манастыра м. Гаўрыіла, вядомая сяброўствам з чынавецкай вертыкаллю.

Пасля калоны вайсковай тэхнікі па заведзёнцы пайшоў транспарт ад арганізацыяў і прадпрыемстваў: пошта, ДОСААФ, ОСВОД і г.д. Скончыўся ланцуг транспарту рэтра-аўтамабілямі ды пазадарожнікамі пад чырвонымі сцягамі.

Моцныя вясновыя ліўні мінулага тыдня таксама далі аб сабе ведаць: дзе-нідзе ўтварылася сапраўднае балота, якое папсавала настрой не аднаму наведніку.

Большасць міліцыянтаў сёлета былі апранутыя ў цывільнае з абавязковай «яблыневай» стужачкай. У форме наведнікаў віталі бадай што выключна супрацоўнікі ДАІ. На афіцыйнай частцы каля Кургану Славы абышлося без АМАПу, металашукальнікаў і даглядаў.

АК

Стужка навінаў