Паломнікі будуць маліцца ў Будславе пра большую колькасць святароў


2 ліпеня з Менску вырушыла пешая пілігрымка ў Будслаў, дзе захоўваецца цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай.

Сёлета з беларускай сталіцы да нацыянальнай святыні выйшлі каля 300 чалавек з розных гарадоў Беларусі, а таксама з Масквы і Санкт-Пецярбурга. Вандроўнікаў у добры шлях дабраславіў апостальскі нунцый у Беларусі, арцыбіскуп Клаўд’ё Гуджэроцці.

Пілігрымы з малітвай і песнямі, спыняючыся толькі на кароткія пастоі, будуць ісці цягам пяці дзён. Традыцыйна на шляху паломніцтва іх будуць вітаць жыхары вёсак і мястэчак. Добрым знакам сярод вяскоўцаў лічыцца прывеціць і пачаставаць пілігрымаў.

Кожная пілігрымка – гэта шлях пакутаў і выраканняў, якія паломнікі прагнуць ахвяраваць Божай Маці. У Будслаў яны нясуць таксама свае малітоўныя просьбы, якія складуць перад абразом. Сёлета метрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, звярнуўся да паломнікаў з заклікам занесці ў Будслаў просьбу натхніць маладых людзей да святарскага і манаскага жыцця.

Пілігрымка ў Будслаў – традыцыйная для Беларусі. Паломнікі ідуць у мястэчка ўжо 22-і раз. Будслаў цягам гэтых гадоў набыў славу адной з самых вядомых і значных хрысціянскіх святыняў ва Усходняй Еўропе.

belsat.eu

Стужка навінаў