Чэмпіянат свету па хакеі. Што ён дасць Беларусі?


Польшча і Украіна здалі іспыт па «Еўра-2012». Велізарная спартовая імпрэза прайшла на выдатна, нягледзячы на шматлікія засцярогі. Праз два гады Беларусь прыме чэмпіянат свету па хакеі – 2014. Ці будуць уражанні спартовых аматараў з усяго свету такія ж пазітыўныя?

Беларусь атрымала права правядзення чэмпіянату ў вялікай ступені дзякуючы таму, што тагачасны старшыня Федэрацыі хакею Уладзімір Навумаў паабяцаў забяспечыць бязвізавы праезд для ўсіх хакейных заўзятараў. Пасля гэтай перамогі былі выбары, у Беларусі з’явіліся чарговыя палітвязні, і шмат якія дэмакратычныя краіны задумаліся над мэтазгоднасцю правядзення імпрэзы такога ўзроўню ў краіне, дзе не шануюцца правы чалавека. Аднак, як паказаў прыклад Алімпіяды ў Кітаі ды сёлетні чэмпіянат Еўропы ва Украіне, палітвязні спорту не замінаюць. Сусветная федэрацыя хакею прыйшла да высновы, што, адмяніўшы чэмпіянат, пакарае не ўлады, а заўзятараў і аматараў спорту.

Як паправіць імідж?



Наплыў дзясяткаў тысяч турыстаў з усяго свету, безумоўна, пазітыўна паўплывае і на імідж, і на эканоміку краіны. Паводле спартовага аглядальніка Сяргея Аляхновіча, правядзенне чэмпіянату міравога ўзроўню гаворыць пра давер сусветных арганізацыяў да краіны-гаспадара.

«Сітуацыя ў нашай краіне, вядома, будзе ў нейкай ступені перашкаджаць. Цягам апошніх гадоў у нашай краіны склаўся даволі неспрыяльны імідж. Беларускім уладам трэба зрабіць пэўныя крокі для таго, каб паправіць гэты імідж», – кажа адмысловец.

«Белсат» запытаў жыхароў сталіцы, чаго яны чакаюць ад хакейнага чэмпіянату і ці не перашкодзіць імпрэзе кантроль з боку КДБ і чыноўнікаў.

Большасць апытаных упэўненая: у Беларусі атрымаецца правесці чэмпіянат на годным узроўні, а замежнікі ўбачаць нашую краіну з найлепшага боку. Што датычыць спецслужбаў, то менчукі лічаць кантроль неабходным.

belsat.eu

Стужка навінаў