У Маскве ездзілі на трунах


У расейскай сталіцы прайшлі незвычайныя аўтагонкі.

У спаборніцтвах узялі ўдзел 56 камандаў, якія выступалі на арыгінальных аўтамабілях. Печы, труна і… панды. На ўсім гэтым ездзілі рэйсэры. Асаблівасцю аўтаў было таксама тое, што ў рух яны прыводзіліся самімі кіроўцамі. Удзельнікі незвычайных гонак круцілі педалі або проста пхалі свае транспартавыя сродкі.

{movie}У Маскве ездзілі на трунах|right|5050{/movie}Адна з камандаў удзельнічала ў гонках на аўтамабілі ў выглядзе сялянскай печы, на якой падарожнічаў Ямеля з расейскай народнай казкі. Каманда самазваных “вампіраў” пракацілася на чорнай труне. У якасці транспарту была таксама задзеяная ружовая труна з фігураю Элвіса Прэслі. Гэтак каманда хацела аддаць даніну павагі каралю рок-н-ролу.

Рэйсэры праехалі таксама на аўце, што ўяўляла сабою пандаў падчас любоўных забаваў.

“Мэта – каб кожны, хто хоча адчуць сябе рэйсэрам, мог паспрабаваць сябе на сапраўдным трэку, пабудаваным адмыслова для гонкі, і каб мог стаць зоркаю ў краіне ці ў сваім горадзе, паказаць, што ён можа пабудаваць гоначны аўтамабіль”, – сказаў арганізатар гонкі ды кіраўнік дэпартаменту камунікацыяў “Red Bull” Аляксей Савішаў.

Каманды ацэньваліся паводле трох крытэраў: хуткасць, крэатыўнасць і відовішчнасць. Канкурэнцыя была моцная, а выйграла гонкі каманда з Уралу пад назваю “Самалётчыкі” – на “Злым уральскім аўтамабілі” з чэрапам і рагамі, паказаўшы найлепшыя вынікі ў хуткасці ды крэатыўнасці. У якасці ўзнагароды пераможцы змогуць паўдзельнічаць у сапраўднай “Формуле-1” – праўда, пакуль што ў якасці гледачоў.

belsat.eu

Стужка навінаў