Заснавальніку сэрвісу “Кнігі – поштай” пагражае год абмежавання волі


Падчас сённяшняга судовага паседжання пракурор запатрабаваў пакараць стваральніка сэрвісу “Кнігі – поштай” Алеся Яўдаху абмежаваннем волі без скіравання ў папраўчую ўстанову тэрмінам на адзін год ды аштрафаваць на Br 79 млн. Вырак абвесцяць 10 ліпеня.

“Пракурор палічыў, што следствам была цалкам даказаная мая вінаватасць, – паведаміў Алесь Яўдаха “Белсату”. – Яны ўзялі па-максімуме – усё, што папярэдняе следства “зляпіла”. Калі ж казаць пра патрабаванне пакараць абмежаваннем волі, то тут не так жорстка, як магло б быць, бо, як кажуць, “в плохом замечен не был” – такая была аргументацыя пракурора”.

Распаўсюдніка беларускіх кніг і аўдыёдыскаў вінавацяць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Максімальнае пакаранне паводле ч. 1 арт. 233 КК – да трох гадоў пазбаўлення волі.

Камітэт дзяржкантролю распачаў правяранне ў лютым 2010 года. Следчыя выклікалі кліентаў сэрвісу “Кнігі – поштай” і высвятлялі мэту, з якой тыя пералічвалі грошы Алесю. Сам Яўдаха падкрэслівае, што палітычнай дзейнасцю ніколі не займаўся. І бізнесам свой занятак ён не лічыць.

Замоўленыя праз інтэрнэт-сайт “Кнігі – поштай” тавары кліенты аплочвалі праз пошту накладзеным плацяжом. Тут можна было прыдбаць творы айчыннай і замежнай літаратуры, навуковыя кнігі ды публіцыстыку, фільмы, іншыя рэчы, перадусім на беларускай мове.

belsat.eu

Стужка навінаў