Хапун перад святкаваннем: міліцыя зладзіла аблаву на актывістаў


У Менску 30 чэрвеня ад самага ранку працаўнікі міліцыі затрымліваюць найбольш актыўных прадстаўнікоў моладзевых рухаў, паведамляе сайт праваабарончага цэнтру “Вясна”.

А 7-й раніцы з дому ў Сухарава забралі ды адвезлі ў Фрунзенскі РУУС актывіста «Zмены» – моладзевага крыла «Гавары праўду» – Віталя Васількова. У той жа час да жонкі Аляксандра Арцыбашава і сястры Алеся Крата таксама прыйшлі міліцыянты. Па папярэдніх звестак, яны шукаюць Алеся Крата.

Да хаты да актывіста беларускіх нацыянал-бальшавікоў Дзмітрыя Паліенкі таксама прыходзілі міліцыянты, прычым неаднойчы. Аднак дома яго не заспелі.

Падобныя прэвентыўныя затрыманні – не рэдкасць для Беларусі. Гэтак, 30 траўня напярэдадні візіту Уладзіміра Пуціна міліцыянты арыштавалі лідара беларускіх нацыянал-бальшавікоў Яўгена Контуша. Суд Маскоўскага раёну Менску прысудзіў яго да пяці дзён адміністратыўнага арышту. Яму выставілі абвінавачанне ў дробным хуліганстве (нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы). Пад арышт нібыта за дробнае хуліганства тады змясцілі яшчэ двух прыхільнікаў руху нацыянал-бальшавікоў: Дзмітрыя Сіняка (5 дзён арышту) і Дзмітрыя Паліенку (10 дзён арышту).

belsat.eu

Стужка навінаў