За арышт Пачобута – новыя эканамічныя санкцыі?


У Еўрапарламенце 5 ліпеня разгледзяць праекты чарговай рэзалюцыі адносна Беларусі. Гэтым разам Менск можа заплаціць пашырэннем эканамічных санкцыяў за арышт журналіста Андрэя Пачобута.

“Адзін з варыянтаў рэзалюцыі выразна гаворыць пра неабходнасць вярнуцца да тэмы санкцыяў і тэарэтычна разгледзець пашырэнне спісу бізнесоўцаў, а таксама іншых асобаў, якія б траплялі пад санкцыі”, – заявіў падчас прэс-канферэнцыі віцэ-старшыня Еўрапарламенту Яцэк Пратасевіч.

“Эканамічныя санкцыі працуюць”

Яцэк Пратасевіч: Гэта не жарты. Мы будзем заклікаць Раду Еўразвязу вярнуцца да тэмы санкцыяў.Яцэк Пратасевіч: Гэта не жарты. Мы будзем заклікаць Раду Еўразвязу вярнуцца да тэмы санкцыяў.Еўрадэпутаты, што ініцыявалі разгляд рэзалюцыі, упэўненыя, што толькі эканамічныя санкцыі могуць рэальна ўплываць на палітыку афіцыйнага Менску.

“Менавіта тады, калі гэта перастае быць дыпламатычнаю гульнёю, а калі санкцыі пачынаюць мець дачыненне да бізнесоўцаў, што супрацоўнічаюць з уладамі Беларусі, – раптам у Менску пачынаецца рух. Часам назіраецца нервовая рэакцыя – як, напрыклад, спроба выслаць з краіны амбасадараў Польшчы і Еўразвязу, – заўважыў Яцэк Пратасевіч. – Ёсць разуменне, што гэта ўжо не жарты. Мы будзем заклікаць Раду Еўразвязу вярнуцца да тэмы санкцыяў у звязку з арыштам Андрэя Пачобута”.

Таксама будзе разгледжаная магчымасць не запрашаць афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі на бліжэйшы саміт “Усходняга партнёрства”. “Немагчыма запрашаць прадстаўніка краіны, улады якой паводзяць сябе так нерацыянальна і скандальна, арыштоўваючы журналіста за ягонае меркаванне. Гэта хутчэй Афрыка ці Паўночная Карэя, але не еўрапейскія стандарты”, – падкрэсліў Пратасевіч.

Супраць каго скіраваныя санкцыі?

Спіс прадстаўнікоў беларускай дзяржавы, чый уезд у ЕЗ забаронены і чые актывы на яго тэрыторыі мусяць быць замарожаныя, Рада Еўразвязу зацвердзіла 31 студзеня 2011 г. у сувязі з парушэннямі правоў чалавека падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. Пазней спіс некалькі разоў дапаўняўся.

Апошні раз гэта адбылося 23 сакавіка на пасяджэнні Рады ЕЗ у Бруселі. У выніковым дакуменце адзначалася: спіс прадстаўнікоў Беларусі, якія падпадаюць пад санкцыі, пашыраны за кошт “людзей, адказных за сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека ці рэпрэсіі ў дачыненні грамадзянскай супольнасці ды палітычнай апазіцыі”. Да яго таксама далучаныя бізнесоўцы і кампаніі, “якія атрымліваюць выгаду ад рэжыму ці падтрымліваюць яго”.

Цяпер візавыя і эканамічныя санкцыі распаўсюджваюцца на 243 прыватныя асобы і 32 прадпрыемствы Беларусі.

“У арышце Пачобута няма логікі”

“Гаворачы пра сітуацыю з Андрэем Пачобутам, мы маем справу з відавочнаю правакацыяй супраць здаровага розуму або супраць Еўразвязу – не толькі Польшчы. У момант, калі набліжаецца саміт міністраў замежных справаў “Усходняга партнёрства”, калі з Менску дасылаюцца сігналы пра жаданне вярнуцца да эканамічнай і фінансавай супрацы, адначасова з гэтым найбольш вядомы польскі актывіст, адзін з лідараў Саюзу палякаў у Беларусі ды незалежны журналіст Андрэй Пачобут арыштаваны чарговы раз – паводле абвінавачання ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. Тут няма логікі”, – падкрэсліў Яцэк Пратасевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў