Напярэдадні чарговага параду вуліцамі сталіцы праехалі танкі


Учорашні вечар непрыемна здзівіў жыхароў цэнтру Менску. Праспект Незалежнасці, вуліцы Сурганава, Багдановіча, Куйбышава, Ціміразева і праспект Машэрава перакрылі для руху транспарту. Вуліцамі шлі калоны бронетэхнікі, рыхтуючыся да параду на Дзень незалежнасці 3 ліпеня. Кіроўцы кідалі на іх смутныя позіркі, развітваючыся з нядаўна пакладзеным асфальтам.

«Белсат» запытаў менчукоў – ці патрэбны такі размах параду? Большасць была катэгарычна супраць, узгадвалі нядаўні парад на Дзень перамогі і звярталі ўвагу на знішчаны асфальт. Праўда, знайшліся і прыхільнікі дарагіх ваенізаваных відовішчаў. Для некаторых гэта «традыцыя, куды без яе, мы ж не можам ад гарэлкі адмовіцца!» А для іншых – пытанне лаяльнасці: «Чорт з ім, з асфальтам, я ўвогуле люблю Лукашэнку».

Другая генеральная рэпетыцыя пройдзе заўтра, 30 ліпеня. У парадзе возьмуць удзел вучні Менскага сувораўскага вучылішча, курсанты Ваеннай акадэміі Беларусі, 120-я гвардзейская асобная механізаваная брыгада, 38-я і 103-я мабільныя брыгады, 86-я брыгада сувязі, 56-ы, 60-ы, 74-ы асобныя палкі сувязі, рота ганаровай варты і авіятэхніка.

belsat.eu

Стужка навінаў