Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка хоча, каб дэпутатамі сталі «людзі, што даказалі сваю адданасць радзіме».
«Парламентарыі заўсёды былі адною з сілаў, якія кансалідуюць грамадства ў адказныя для краіны перыяды, – заявіў старшыня ніжняй палаты беларускага парламенту. – Сёння мы павінны зрабіць усё для таго, каб у парламент прыйшлі людзі, не абыякавыя да лёсу радзімы, гатовыя не пакладаючы рук мацаваць суверэнітэт краіны і служыць на карысць беларускага народу».
Падводзячы вынікі працы цяперашняй сесіі Палаты прадстаўнікоў, Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што дэпутаты «аператыўна вырашалі пытанні, прадыктаваныя актуальнымі праблемамі развіцця грамадства».
«Такі падыход павінен зрабіцца сістэмай у нашай дэпутацкай працы. Менавіта на гэта нас нацэліў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сваім пасланні беларускаму народу і парламенту. Кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў: краіне патрэбны магутны, імклівы рывок наперад», – нагадаў запавет прэзідэнта спікер Палаты прадстаўнікоў.
23 верасня ў Беларусі пройдуць парламенцкія выбары, аднак дэпутаты Палаты прадстаўнікоў гэтага склікання яшчэ паспеюць правесці апошнюю кароткатэрміновую сесію, якая мае адкрыцца 2 кастрычніка.
Сённяшні склад Палаты прадстаўнікоў быў абраны на выбарах 28 верасня 2008 г., а першае паседжанне адбылося 27 кастрычніка. У прамежку паміж гэтымі датамі быў прыняты шэраг законапраектаў, у тым ліку бюджэт на 2009 г.
belsat.eu