Амбасадар Польшчы: Менск стаміў Еўропу


У аб’яднанай Еўропе ёсць сілы, якія думаюць, што лепш гаварыць з Масквою, чымся губляць час на размовы з Кіевам і асабліва Менскам, «які ўжо некаторых стаміў», заявіў кіраўнік польскай дыпламатычнай місіі ў Беларусі Лешэк Шэрэпка падчас візіту ў Магілёў.

Ён адзначыў, што ўзровень свабоды слова ў Расеі значна вышэйшы, чымся ў Беларусі. І калі б сітуацыя са свабодаю слова ў Беларусі зрабілася б падобнай да расейскай, то ён «быў бы вельмі задаволены». «Я ведаю, што там ёсць кантроль, ёсць праблемы з дэмакратыяй – усё ёсць. Але адрозненне ўсё ж такі на іх карысць», – адзначыў дыпламат.

Таксама Лешэк Шэрэпка заявіў, што ў пытанні змякчэння візавага рэжыму беларуская ўлада выяўляе абсалютную незацікаўленасць. «Летась у чэрвені Еўразвяз прапанаваў пачаць размову, каб панізіць стаўкі на візы для беларускіх грамадзянаў з 60 еўраў да 35 еўраў, як гэта ёсць ва Украіне і Расеі. Але ўжо год няма адказу на гэтую прапанову. Уладам гэта не цікава», – сказаў ён.

«Ёсць праблемы з чэргамі па візы ў консульскі аддзел амбасады. Мы хацелі б павялічыць консульскі штат, але беларускія ўлады не даюць гэтага зрабіць. Яны кажуць, што гэтыя консульскія работнікі працуюць не на карысць Беларусі, а «займаюцца картамі паляка», – заявіў Лешэк Шарэпка, адзначыўшы, што ў гэтым пытанні ў польскага боку «звязаныя рукі».

belsat.eu

Стужка навінаў