Андрэя Молчана вінаваць у правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства


Збітаму міліцыяй актывісту «Еўрапейскай Беларусі» прыйшла позва ў суд Першамайскага раёну Менску на 4 ліпеня.

«У ёй напісана, што будзе разбірацца нібыта здзейсненае мной адміністратыўнае правапарушэнне паводле артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання)», – паведаміў Андрэй Молчан.

«У суд я пайду з адвакатам. Я маю намер адстойваць сваю невінаватасць, бо ніякага пікету або масавага мерапрыемства не праводзіў. А нават калі б і праводзіў, то ў нас ёсць Канстытуцыя, якая гарантуе грамадзянам права на свабоду сходаў. Канстытуцыя – гэта асноўны закон, і яна мае прыярытэт перад астатнімі законамі», – падкрэсліў актывіст.

Андрэя Молчана міліцыя затрымала 19 траўня каля ўніверсаму «Першамайскі» ў Менску. На знак салідарнасці са зняволеным віцебскім актывістам Сяргеем Каваленкам ён разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг. Праз некалькі хвілінаў да актывіста пад’ехала машына з міліцыянтамі. Пасля таго як Молчан пацікавіўся, за што яго затрымліваюць, працаўнікі міліцыі пачалі яго жорстка збіваць. Паводле інфармацыі відавочцаў, Андрэя збівалі і на вуліцы, і ў машыне. Пасля ў аддзяленні міліцыі паведамілі, што ў дачыненні Молчана збіраюцца распачаць крымінальную справу паводле артыкулаў за знявагу прэзідэнта і збіванне працаўніка міліцыі пры выкананні.

Спачатку лекары зафіксавалі ў збітага Молчана не толькі чэрапна-мазгавую траўму, але і пералом сківіцы. Аднак 23 траўня доктар паведаміў актывісту, што пералом сківіцы ў яго стары. Молчан сцвярджае, што ніякага пералому сківіцы раней у яго не было, бо ён бы яго заўважыў. 25 траўня Молчана выпісалі з лякарні з афіцыйна пастаўленым дыягназам «чэрапна-мазгавая траўма», далейшае лячэнне яму прапанавалі праходзіць у паліклініцы.

belsat.eu

Стужка навінаў