Ладуцька: Менску трэба выходзіць за МКАД, але Уручча ўсё роўна будзе ўшчыльняцца


https://youtu.be/zeGQyBzNBV4
Паводле мэра сталіцы, тэрытарыяльныя магчымасці ў звыклых межах Менску вычарпаныя.

“Трэба выходзіць за кальцавую аўтадарогу і нарматыўна ўшчыльняць забудову – прадумана, комплексна, каб не пагаршаць умоваў пражывання грамадзянаў”, – заявіў Мікалай Ладуцька.

Паводле яго, ушчыльненне – непазбежны працэс у любым горадзе. “Тэма няпростая, яна закранае інтарэсы канкрэтнага чалавека. Тут трэба, каб было максімальнае паразуменне з абодвух бакоў. Нягледзячы на прынятыя намаганні, з пэўнаю групаю людзей мы гэтага паразумення не знаходзім. Напрыклад, на тэрыторыі мікрараёну Уручча-2”, – паскардзіўся мэр сталіцы.

Ён паведаміў, што на мінулым тыдні прайшла трохгадзінная сустрэча з тымі, хто супраць забудовы мікрараёну, на якой усе пытанні былі прааналізаваныя. “Мы пайшлі на тое, каб прыбраць два жылыя дамы, але ўсё роўна забудова на тэрыторыі будзе весціся, бо гэта – неабходнасць. Мы будуем жытло для грамадзянаў, якім патрэбнае паляпшэнне жыллёвых умоваў. Будаўніцтва прадыктаванае і апраўданае ўсімі дзейнымі нарматыўнымі дакументамі ды высновамі рознага роду экспертызаў”, – падкрэсліў Ладуцька.

Трэба разумець, што нягледзячы на пратэсты жыхароў мікрараёну, ва Уруччы-2 усё роўна пабудуюць дамы для спецназаўцаў.

Студэнты не хочуць ільготаў!

Як паведаміў Мікалай Ладуцька, на сустрэчы з камандзірамі студатрадаў БРСМ ён запытаўся пра іхнае стаўленне да адмены льготаў на праезд у Менску, якое мае адбыцца 1 ліпеня. Тыя з энтузіязмам паставіліся да ініцыятывы Менгарвыканкаму.

“Студэнты сказалі, што яны гатовыя да гэткага развіцця падзеяў. Бо сёння ў Менску створаныя ўмовы, у тым ліку і на будаўнічых аб’ектах, каб можна было стварыць сабе эканамічны запас. Больш за тое, у Менску ёсць тысячы варыянтаў, дзе вас прымуць у вольны ад вучобы час і дзе можна прынесці карысць гораду, зарабіўшы пры гэтым грошы”, – цытуе кіраўніка Менскага гарвыканкаму “Онлайнер”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары