Жонка палітыка Марына Адамовіч мяркуе, што Мікалаю Статкевічу могуць дадаць яшчэ год да цяперашняга турэмнага тэрміну.
Падставаю могуць зрабіцца “рэгулярныя парушэнні” турэмнай дысцыпліны, сярод якіх не пазначаныя ў спісе рэчаў насоўкі ды адсутнасць індывідуальнай таблічкі з нумарам, якую ў яго забралі самі турэмшчыкі. Спадарыня Адамовіч называе гэткія дзеянні адміністрацыі правакацыямі, у выніку якіх палітвязень раз за разам трапляе ў штрафны ізалятар.
Запасны варыянт?
Раней да Статкевіча падсялілі чалавека, які назваўся імем ягонага знаёмага і паведаміў, што быў у камеры для хворых на СНІД. Сёння адміністрацыя турмы кажа пра заўважаныя ў Мікалая Статкевіча “схільнасці да суіцыду”.
“Калі я прыехала першы раз у магілёўскую турму, мне начальнік пачаў казаць пра нейкія “суіцыдальныя схільнасці”, але тады ішлі вельмі гучныя размовы пра спробу суіцыду Аўтуховіча. Таму я вырашыла, што ён пераблытаў – сказала, што гэта дакладна не пра Міколу. Але цяпер высвятляецца, што спробы ўжыць да яго гэткую кваліфікацыю працягваюцца, і гэта мяне сапраўды напружвае. Мабыць, скарыстаўшы ўсе формы ціску на Міколу, яны пакідаюць такі запасны варыянт, – кажа спадарыня Адамовіч і дадае: – Але скажу ім: не дачакаецеся”.
belsat.eu