ТБШ: У Беларусі ўзнік дэфіцыт рэпетытараў па роднай мове


Сёлета абітурыенты выбіралі расейскую, бо не маглі знайсці рэпетытараў па роднай.

Абітурыенты часцей выбіраюць расейскую мову, а на беларускай радзей памыляюцца – вось галоўныя вынікі цэнтралізаванага тэставання.

Колькасць і якасць

Беларуская мова саступае ў колькасных паказніках амаль удвая. Гэтак, тэставанне на расейскай мове выбралі каля 90 тыс. абітурыентаў, на беларускай – каля 43 тыс. Залічым першы гол у браму беларускамоўных.

Тэсты па гісторыі Беларусі пісалі таксама на дзвюх дзяржаўных мовах. На расейскай – тры чвэрці абітурыентаў. Другі бал на карысць гэтай мовы.

Якасныя паказнікі, якія 27 чэрвеня агучыў Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў, гавораць на карысць і тых, і другіх. Найвышэйшы вынік (100 балаў) атрымалі 19 абітурыентаў па расейскай, 7 – па беларускай. Калі ўлічыць, што на роднай мове тэсты здавалі амаль удвая менш чалавек, то поспех можна памножыць на два.

Што да памылак, дык па беларускай мове не набралі 7 балаў 2,65 % абітурыентаў (каля 1160 чалавек), а па расейскай – 3,67 % абітурыентаў (больш за 3300). Такім чынам, беларускамоўныя зарабляюць ў нашым спаборніцтве адзін суцяшальны бал.

Знікаюць рэпетытары

Намесніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч называе гэтую сітуацыю ненармальнаю. Галоўная прычына, на яе думку, заключаецца ў палітыцы русіфікацыі, якую лабіюе сам прэзідэнт Беларусі.

«Цяпер дзецям цяжэй беларускую мову ўспрымаць, яна робіцца больш замежнаю. Яна выціскаецца з грамадскага жыцця, з усіх сфераў ужытку: з тэлебачання, радыё. Дзеці не могуць глядзець на роднай мове ні мульцікі, ні калыханкі, не кажучы пра навучанне», – мяркуе Тамара Мацкевіч.

Яна паведаміла, што сёлета школьнікам было цяжка знайсці рэпетытара па беларускай мове, каб падрыхтавацца да ЦТ. У выніку яны выбіралі рускую, бо баяліся, што без дадатковых заняткаў высокай адзнакі не атрымаюць.

Гэта сведчыць пра маргіналізацыю беларускай мовы нават сярод выкладчыкаў. Тыя, хто яе выкладае, маюць ніжэйшы статус.

Хто адказны?

Тамара Мацкевіч узгадвае адукацыйную рэформу 2008 г., якая рабілася без заўвагаў Міністэрства адукацыі – яго Адміністрацыя прэзідэнта проста паставіла перад фактам.

Нагадаем, у беларускай школе выкладанне гісторыі Беларусі ды геаграфіі вядзецца на расейскай мове, акрамя класаў з беларускамоўным навучаннем. За апошнія гады значна скарацілася колькасць урокаў беларускай мовы і літаратуры.

belsat.eu

Стужка навінаў