Прадстаўнік Беларусі ў ААН: "У Беларусі з дэмакратыяй лепей, чымся ў ЕЗ"


Міхаіл Хвастоў аргументуе гэта тым, што пратэсты 19 снежня не былі разагнаныя пры дапамозе гумовых куляў.

«Беларусь – дэмакратычная краіна. Мы не мусім нікому здаваць іспыт на дэмакратычнасць. Сітуацыя з дэмакратыяй у нас паводле шматлікіх параметраў лепшая, чым у еўрапейскіх краінах. Краіны ЕЗ, якія сёння выступяць, будуць сцвярджаць, што сітуацыя ў Беларусі пагоршылася. Але ніводзін з іх не скажа, што сітуацыя ў ягонай краіне і ў ЕЗ увогуле палепшылася», – паўшчуваў спавяшчальнікаў Хвастоў.

У сваю чаргу Вугоршчына заявіла, што рэжым Лукашэнкі перапоўнены рашучасці паставіць пад поўны кантроль і цалкам здушыць палітычную апазіцыю і грамадзянскую супольнасць. “Лукашэнка вызваляе палітвязняў, а затым душыць дзейнасць грамадзянскай супольнасці – я маю на ўвазе прэвентыўныя арышты актывістаў. Беларусь працягвае заставацца адною з самых рэпрэсіўных краінаў у Еўропе. Гэта складаны выклік, але міжнародная супольнасць мусіць гэтым займацца”, – адзначыў прадстаўнік Вугоршчыны.

Польшча “глыбока шкадуе, што сітуацыя ў Беларусі працягвае пагаршацца, асабліва ў тым, што тычыцца павагі правоў на свабоду сходаў, асацыяцыяў, свабоды слова і права на справядлівы суд. Занепакоенасць з нагоды сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі агучвалася гадамі міжнароднай супольнасцю. Нягледзячы на ўсе заклікі, улады Беларусі не змаглі палепшыць сітуацыі ды адмаўляюцца ад супрацы”, – сказаў прадстаўнік Польшчы.

У сваім выступе ён згадаў арышт журналіста Андрэя Пачобута, звярнуўшы ўвагу, што гэта здарылася ўсяго за 6 дзён да гэтага паседжання. Ён падкрэсліў, што арышт Пачобута – яркі прыклад пераследу журналістаў, праваабаронцаў і грамадзянскай супольнасці за выказванне сваіх думак.

Нямеччына бачыць пагаршэнне сітуацыі, абмежаванне свабоды слова, пераслед і арышты прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, журналістаў, праваабаронцаў. “Лічым неабходным стварэнне мандату адмысловага спавяшчальніка. Заклікаем Беларусь неадкладна і безумоўна вызваліць палітвязняў, правесці расследавання выпадкаў катаванняў, увесці мараторый на смяротнае пакаранне”, – сказаў нямецкі прадстаўнік.

Казахстан заявіў пра тое, што супраца з Беларуссю “канструктыўна развіваецца на двухбаковым і міжнародным узроўнях. Афіцыйную пазіцыю ўраду Беларусі не прынялі да ўвагі ў справаздачы. Лічым непрымальным выкарыстоўваць правы чалавека для аказання палітычнага ціску”, – сказаў прадстаўнік Казахстану.

Вялікабрытанія, Швейцарыя, Нарвегія, Харватыя, Нідэрланды, Іспанія, Чэхія, Швецыя, Эстонія, Аўстрыя, Літва, Славаччына, Францыя, Бельгія адзначылі, што цалкам падтрымліваюць і падзяляюць пазіцыю, якую апублікавала прадстаўнік місіі Еўразвязу. Яны заклікалі запэўніваць правы чалавека, вызваліць палітвязняў, увесці мараторый на смяротнае пакаранне і супрацоўнічаць з усімі механізмамі ААН.

ЗША сур’ёзна занепакоеныя пагаршэннем сітуацыі ў Беларусі. “У справаздачы ёсць інфармацыя, якая не пакiдае сумневаў у тым, што ўрад Беларусі істотна абмежаваў правы грамадзянаў на свабоду слова, сходаў, справядлівы суд. Шэраг захадаў прынялі супраць прэсы. Лічым, што стварэнне мандату адмысловага спавяшчальніка зможа заклікаць урад Беларусі выпусціць палітвязняў, спыніць пераслед актывістаў, журналістаў і праваабаронцаў, а таксама прыняць захады для захавання правоў чалавека”, – сказаў прадстаўнік Злучаных Штатаў.

Азербайджан звярнуў увагу на апошнія захады, “прынятыя Беларуссю дзеля абароны ды падтрымання правоў чалавека. Беларусь рэгулярна супрацоўнічае з механізмамі ААН у пытаннях правоў чалавека, своечасова падаючы патрэбную інфармацыю”, – мяркуе прадстаўнік Азербайджану.

В’етнам нагадаў, што “правы чалавека не могуць быць бязмежныя, асабліва ў тым выпадку, калі гаворка ідзе пра спробы парушыць канстытуцыйны лад”.

Куба адзначыла палітызацыю працы Рады ААН у справе правоў чалавека, накіраванасць яе супраць краінаў, якія развіваюцца. “Цэлы шэраг дзяржаваў працягвае навязваць падобнага кшталту дыялогі супраць іншых дзяржаваў, не ўлічваючы інфармацыі, якую падае ўрад. У вашай справаздачы вялікая частка інфармацыі не зусім дакладная і не была дбайным чынам правераная. Мы яшчэ раз заяўляем, што нельга разлічваць на наш станоўчы голас падчас галасавання аб рэзалюцыі супраць Беларусі”, – сказаў кубінскі прадстаўнік.

На думку прадстаўніка Венесуэлы, урад Беларусі паказаў прыхільнасць да ідэяў правоў чалавека. “Некаторыя ўвесь час кажуць пра падзеі 19 снежня 2010 года, каб скампраметаваць Беларусь. Але Беларусь дзеяла правільна, а для тых, хто парушыў законы, прадугледзела адпаведнае пакаранне. Мы шкадуем пра нападкі на аб’ектыўнасць беларускай судовай сістэмы, а таксама пра шантаж санкцыямі. Заходнія краіны стала ціснуць на Беларусь з тым, каб змяніць яе лад, абраны дэмакратычным шляхам”, – перакананы венесуэльскі прадстаўнік.

Узбекістан адзначыў, што ў аснове дакументу шмат у чым ляжаць пабочныя крыніцы. “Пры рыхтаванні справаздачы мусіць улічвацца пазіцыя і каментары ўраду краіны. Шкада, што справаздача ўтрымлівае рэкамендацыі неадкладна вызваліць палітвязняў. Лічым непрымальнымі ўльтыматыўныя патрабаванні вызвалення асуджаных толькі на падставе іхнага статусу без вывучэння падрабязнасцяў іхных справаў”, – сказаў узбекскі прадстаўнік.

Іран адзначыў, што любыя вынікі неаб’ектыўнай палітызаванай рэзалюцыі не паляпшаюць сітуацыі ды ёсць контрпрадуктыўнымі. “Цвёрда верым, што аднабаковыя палітычныя і эканамічныя санкцыі, уведзеныя ЕЗ і ЗША супраць беларускіх грамадзянаў і кампаніяў, –парушэнне міжнароднага права”, – адзначыў прадстаўнік Ірану.

Кітай падкрэсліў, што заўсёды выступаў за канструктыўны дыялог і супрацу. “Мы супраць выкарыстання праваабарончай сітуацыі для ўмяшання ў справы іншых краінаў”, – заявіў кітайскі прадстаўнік, выказаўшы надзею, што Беларусь і далей зможа падтрымліваць “палітычную стабільнасць, узровень свайго развіцця і рост дабрабыту свайго народу”.

Зімбабвэ не падтрымлівае “навязвання мандату адмысловага спавяшчальніка, за выключэннем тых выпадкаў, калі дзяржава дае сваю згоду на падобнае прызначэнне”. “Прычына гэтага ў тым, што неабходны дыялог, а калі спавяшчальнік навязаны, гэта спрыяе толькі рыхтаванню несправядлівых справаздачаў. Прапанова прызначыць адмысловага спавяшчальніка ў справе Беларусі – палітычна матываваная і непрымальная”, – лічыць прадстаўнік гэтай афрыканскай краіны.

Рэспубліка Карэя занепакоеная парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі, у тым ліку шляхам абмежавання асноўных правоў і свабодаў. “Мы яшчэ раз заклікаем урад Беларусі наладзіць паўнавартасную супрацу з усімі праваабарончымі механізмамі ААН, а таксама прыняць захады дзеля выканання рэкамендацыяў, выкладзеных у справаздачы камісара”, – сказаў прадстаўнік Карэі.

Дыскусія ў справе Беларусі працягнецца зранку 28 чэрвеня, калі выкажуцца тыя дэлегацыі краінаў, якія не паспелі зрабіць гэта сёння. Таксама з заявамі выступяць няўрадавыя аб’яднанні, у прыватнасці, Фонд Дамоў правоў чалавека і “Human Rights Watch”.

belsat.eu

Стужка навінаў