Пяцёра экс-кандыдатаў – у ізалятары СІЗА КДБ


Там застаюцца Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч і Алесь Міхалевіч.

Пра гэта прадстаўнікі КДБ паведамілі іхным сваякам. Пасля акцыі туды ж прывезлі Рыгора Кастусёва і Дзмітрыя Вуса, але іх адпусцілі 20 снежня.

У СІЗА КДБ таксама трымаюць жонку Саннікава журналістку Ірыну Халіп, давераную асобу Някляева Аляксандра Фядуту, кіраўніка штабу Рымашэўскага Паўла Севярынца. У КДБ сітуацыі з затрыманымі не каментуюць.

Нагадаем, што міністр унутраных справаў Анатоль Куляшоў паведаміў пра распачынанне ў дачыненні арганізатараў несанкцыянаванай акцыі, якая адбылася 19 снежня, справы на падставе артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу (масавыя беспарадкі). Яе максімальная санкцыя – 15 гадоў пазбаўлення волі.

Яшчэ ўчора, 20 снежня, штаб Уладзіміра Някляева распаўсюдзіў інфармацыю ягонага адваката. Кіраўнік ГУПР ГУУС Менгарвыканкаму Генадзь Казакевіч заявіў апошняму, што інфармацыю пра месцазнаходжанне Уладзіміра Някляева можа паведаміць толькі яго ведамства і толькі ў сераду, 22 снежня. Пра гэта на прэсавай канферэнцыі кампаніі “Гавары праўду!” 22 снежня паведаміла праваабаронца Раіса Міхайлоўская.

belsat.eu

Стужка навінаў