Апытанне: Дынастыя Лукашэнкі


Падчас візіту ў Венесуэлу і сустрэчы з Уга Чавэсам кіраўнік Беларусі зрабіў неадназначную заяву: “Тут мой сын Мікалай, і гэта сведчыць пра тое, што мы сур’ёзна заклалі асновы супрацы, і ёсць каму пераняць эстафету гадоў праз 20–25″.

Упершыню Аляксандр Лукашэнка падзяліўся сваймі планамі наконт палітычнай кар’еры меншага сына. Будучы пераймальнік эстафеты, на жаль, адмовіўся выказацца перад журналістамі.

Паводле Станіслава Шушкевіча, старшыні Вярхоўнага Савету ў 1991–1994, праўладныя палітыкі толькі падтрымалі б падобную ініцыятыву. “Усе ім прызначаныя парламентарыі гэта адобраць. Што б ён ні сказаў, яны зробяць, і ён гэтым карыстаецца”, – кажа Шушкевіч.

Палітык лічыць, што Лукашэнка заўсёды можа выдаць гэтыя словы за жарт, але “ў кожным жарце ёсць доля дурноты, дык вось тут яна вельмі вялікая”, кажа ён.

У сваю чаргу палітолаг Уладзімір Мацкевіч бачыць віну апанентаў уладаў у тым, што прэзідэнт Беларусі дазваляе сабе падобныя выказванні.
“Апазіцыя не хоча кіравацца пытаннямі нацыянальнай ды чалавечай годнасці, а замест гэтага высвятляе адносіны паміж сабою, трымае адзін аднаго, каб ніхто не вырваўся ў лідары, і тым самым дазваляюць дыктатару вось такія нахабныя хамскія ўчынкі”, – кажа адмысловец.

Робячы гэткую заяву, кіраўнік краіны забыўся даведацца меркаванне грамадзянаў Беларусі. “Белсат” паспрабаваў зрабіць гэта за яго і запытацца ў жыхароў Менску, што яны думаюць наконт з’яўлення ў Беларусі дынастыі Лукашэнкі. Большасць выказалася катэгарычна супраць, аднак былі і тыя, што ўяўляюць Мікалая на прэзідэнцкай пасадзе.

belsat.eu

Стужка навінаў