Андрэя Пыжыка не выдадуць беларускім чэкістам


Былы міліцыянт 5 гадоў чакаў статусу ўцекача ў Польшчы.

Капітан Андрэй Пыжык падчас службы ў Жодзіне адмовіўся фабрыкаваць крымінальную справу супраць афганца Аляксандра Камароўскага, што вылучаў сваю кандыдатуру ў дэпутаты. Пасля гэтага сам трапіў пад рэпрэсіі ды быў вымушаны разам з сям’ёю ратавацца за мяжою.

Ужо ў Польшчы Пыжык зрабіў адкрытую заяву пра тое, як фальсіфікуюцца справы «палітычных» у Беларусі, а таксама выступіў у якасці эксперта ў фільме «Белсату» «Страх у краіне спакою», прысвечаным тэракту ў менскім метро. Пасля гэтага беларускія спецслужбы заявілі яго ў вышук праз «Інтэрпол». Былога следчага затрымала польская паліцыя, каб выдаць яго ўладам Беларусі. Пасля варшаўская пракуратара прыняла рашэнне неадкладна вызваліць Пыжыка з-пад варты.

Былы следчы атрымаў статус уцекача і цяпер можа быць упэўнены, што яго не выдадуць беларускаму боку. Ён перакананы, што розгалас пра ягонае затрыманне дапамог з доўгачаканым рашэннем. Пыжык ухваліў працу польскіх паліцыянтаў: “Яны дзеялі згодна з той інфармацыяй, якую мелі, але ставіліся з разуменнем. Вельмі добра да мяне ставіліся, нават лепей, чым я мог уявіць”.

Пыжык правёў у польскім пастарунку толькі 25 гадзінаў, але застаўся задаволены ўмовамі ўтрымання. “Усё пад відэанаглядам. Ёсць нават ложкі. Сам выбіраеш патрэбную бялізну. Няма такога, як у Беларусі, што камера на 10 чалавек, а сядзяць 22. Тут я сядзеў адзін, таму мяне нават запыталі, на які бок мусяць выходзіць вокны”.

Яшчэ больш былы міліцыянт здзівіўся, калі падчас сняданку з гарбаты і 6 лусценяў яму не адмовілі ў дадатковай порцыі. “Усё было культурна, ветліва. Мне спадабалася”, – пажартаваў палітуцякач.

Андрэй Пыжык дзякуе ўсім, хто падтрымліваў яго і стварыў розгалас ягонай справе.

belsat.eu

Стужка навінаў