Да трох гадоў турмы за распаўсюд беларускіх кніг


Сёння аднавіўся разгляд крымінальнай справы супраць Алеся Яўдахі, заснавальніка інтэрнэт-сэрвісу «Кнігі поштай». За распаўсюд беларускамоўнай літаратуры пракуратура абвінаваціла яго ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.

Яўдаха пазнаёміўся з вынікамі графалагічнай і эканамічнай экспертызы дакументаў, якія спраўджвалі з ягонай ініцыятывы. Высветлілася, што ў матэрыялах, якія яму прыпісваюць, заўважаны чужы почырк.

«Матэрыялы справы досыць спрэчныя і супярэчлівыя, пакуль цяжка меркаваць пра яе вынікі, – паведаміў Яўдаха «Белсату». – Ніхто з абвінаваўцаў не хоча браць грэх на душу і быць крайнім у сваіх патрабаваннях». Распаўсюднік мяркуе, што «без агню» справа не абыдзецца, «бо ў нашай дзяржаве беларушчына не ў пашане».

Наступнае судовае паседжанне адбудзецца 30 чэрвеня.

Яўдаха не прызнае сябе вінаватым. Ён не губляе аптымізму і разлічвае на справядлівы вынік.

Для падтрымання беларускага руху ён купляў у менскіх кнігарнях беларускія кнігі ды высылаў іх у правінцыю, дзе магчымасці кніжнага гандлю абмежаваныя. Яўдаха падкрэслівае, што не атрымліваў ад гэтага ніякай эканамічнай карысці, а дзеяў толькі ў асветніцкіх мэтах.

Слуханне справы Алеся Яўдахі распачалося летась і было спыненае ў лістападзе ў звязку з правядзеннем экспертызы матэрыялаў справы. Алесю Яўдаху за працу на ніве беларушчыны паводле выстаўленага абвінавачання пагражае да трох гадоў турмы.

belsat.eu

Стужка навінаў