У законапраекце пра амністыю – асобным радком пра палітвязняў


У тэксце пазначаецца, каго на волю не выпусцяць.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на паседжанні 27 чэрвеня прынялі ў двух чытаннях законапраект «Аб амністыі некаторых катэгорыяў асобаў, якія ўчынілі злачынствы».

Паводле міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча, законапраект мае дзве навацыі. Па-першае, пад амністыю трапляюць асуджаныя за асобныя эканамічныя злачынствы пры ўмове, што яны цалкам кампенсуюць шкоду, якую нанеслі. Па-другое, на адзін год могуць скараціць тэрмін за карупцыйныя злачынствы.

У выніку на волю выйдуць 2880 чалавек. Паводле Шуневіча, амністыя не мае негатыўнага ўплыву на крымінагенную абстаноўку ў краіне.

У законапраекце пералічваюцца асобы, на якіх амністыя не распаўсюджваецца. Сярод іх – асуджаныя за злачынствы, прадугледжаныя арт. 293 (масавыя беспарадкі), 342 (арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), 367 (паклёп у дачыненні прэзідэнта) і 369.3 (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

belsat.eu

Стужка навінаў