Праект рэзалюцыі ПА АБСЕ: чэмпіянат па хакеі ў Менску не праводзіць


Дакумент рыхтавалі больш як 60 парламентарыяў з 21 дзяржавы.

Праект рэзалюцыі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая рэкамендуе Міжнароднай федэрацыі хакею адмовіцца ад правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 г. у Беларусі, будзе разгледжаны на сесіі ПА АБСЕ ў Манака 5–9 ліпеня.

Узгадалі нават прафсаюзы

Як паведамляе сакратарыят Парламенцкай асамблеі, праект рэзалюцыі рэкамендуе перанесці чэмпіянат, калі ўлады не вызваляць усіх палітвязняў. У тэксце згадваецца і пра тое, што ў Беларусі абмяжоўваюць свабоду перамяшчэння, пераследуюць прафсаюзных дзеячаў, журналістаў і праваабаронцаў.

У праекце рэзалюцыі парламентарыі настойліва заклікаюць улады Беларусі дазволіць правесці міжнароднае расследаванне на прадмет катаванняў у турмах, вярнуцца да разгляду заявак на рэгістрацыю партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і няўрадавай праваабарончай арганізацыі «Вясна».

У хакеі за бойку пяціхвілінны штраф, а ў Беларусі…

«У хакеі за бойку вы атрымліваеце пяціхвілінны штраф, у Беларусі – пяць гадоў за мірную маніфестацыю, – заявіў Тоўні Лойд (Вялікая Брытанія). – У перыяд, калі краіны робяць больш жорсткімі санкцыі да Беларусі, было б цалкам няправільна з нашага боку падарваць гэтыя намаганні і ўзнагародзіць рэпрэсіўныя паводзіны Менску правядзеннем міжнароднага спаборніцтва і звязаным з ім фінансавым прыбыткам».

У 2010 г. Лойд узначальваў місію АБСЕ для назірання за выбарамі ў Беларусі, падчас якіх сотні пратэстоўцаў, уключаючы актывістаў апазіцыі ды журналістаў, арыштавалі; некаторыя з іх дагэтуль сядзяць у турме.

Парламенцкая Асамблея АБСЕ складаецца з 320 парламентарыяў з 55 дзяржаваў Еўропы, Цэнтральнай Азіі ды Паўночнай Амерыкі. Асамблея дае платформу для міжпарламенцкай дыпламатыі, вядзе назіранне за выбарамі і ўмацоўвае міжнародную супрацу для выканання абавязацельстваў у палітычных, эканамічных і экалагічных пытаннях, а таксама бяспецы і правах чалавека.

belsat.eu

Стужка навінаў