Мікіта Ліхавід: Ціск на асуджаных пачынаецца ўжо ў следчым ізалятары


Сёння, у Міжнародны дзень падтрымання ахвяраў катаванняў, “Белсат” звярнуўся да таго, хто пра катаванні ведае не праз аповеды.

Мікіта Ліхавід, асуджаны на 3,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму, правёў 81 дзень зняволення ў штрафным ізалятары ды быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам, які “кіраваўся прынцыпамі гуманнасці”. Хлопец да канца не прызнаў сваёй віны і таму не выконваў распарадку калоніі.

Катаванні чужымі рукамі



“У следчым ізалятары збольшага псіхалагічны ціск, то бок іншыя зняволеныя супрацоўнічаюць з адміністрацыяй, выводзяць людзей на шчырую размову, намагаючыся змусіць іх прызнацца. Ёсць і гэтак званыя “прэс-хаты”, калі саджаюць у адмысловую камеру, дзе сядзяць 5–12 фізічна моцных людзей, якія спачатку словамі, а пасля і фізічнымі спосабамі ствараюць невыносную атмасферу, каб пасля следчы змусіў чалавека прызнацца”, – кажа былы палітвязень.

Тое ж і ў калоніях: ад псіхалагічнага ціску з боку асуджаных і адміністрацыі да звычайнага збіцця.

Катаў спраўджваюць калегі

Паводле праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, людзі вельмі рэдка звяртаюцца ў пракуратуру і да праваабаронцаў з-за катаванняў. “Расследаваць ужыванне катаванняў з боку праваахоўных органаў будуць самі праваахоўныя органы. Пацярпелыя не вераць, што катаванням дадуць належную ацэнку, і хтосьці панясе за гэта адказнасць”, – патлумачыў ён.

Сітуацыя, паводле яго, ускладняецца тым, што ў беларускім заканадаўстве не прапісаны сам тэрмін “катаванні” і, адпаведна, не прадугледжваецца адказнасць за іх ужыванне. “У нас ёсць толькі артыкул “перавышэнне службовых паўнамоцтваў”, дзе ў частцы трэцяй прапісаныя і гвалтоўныя дзеянні, але асобнага артыкулу аб катаваннях няма – і гэта вялікая праблема. Праваабаронцы ўжо доўгі час дабіваюцца ўвядзення панятку “катаванні” ў заканадаўства”, – паведаміў Стэфановіч.

Што ёсць катаваннем?

Як сказана ў адмысловай рэзалюцыі ААН, прынятай у 1984 годзе, гэты міжнародны дзень скіраваны на поўнае выкараненне катаванняў і забеспячэнне эфектыўнасці Канвенцыі супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжальных для годнасці відаў абыходжання і пакарання.

Беларусь ратыфікавала Канвенцыю ў студзені 1987 года, аднак, на думку праваабаронцаў, праблема катаванняў у краіне стала яшчэ больш актуальная, а пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года – асабліва ўзмацнілася, падкрэслівае Стэфановіч. “Утрыманне былых кандыдатаў у СІЗА КДБ можна лічыць катаваннямі ды бесчалавечным абыходжаннем. Гэта і неабгрунтаванае ўжыванне фізічнай сілы (прасцей кажучы, збіванні), і змяшчэнне затрыманых на “расцяжку” практычна голымі пры мінусавай тэмпературы, і шмат што іншае – пра гэта паведамілі кандыдаты на прэзідэнцтва”, – нагадаў праваабаронца.

Катаванні, зазначыў Стэфановіч, ужываліся і да адміністрацыйна затрыманых, пасля падзеяў 19 снежня: “Шматгадзіннае стаянне на марозе, тварам да сцяны, без ежы, вады і немагчымасці схадзіць у прыбіральню – гэта таксама катаванні”.

belsat.eu

Стужка навінаў