У Брытаніі ствараюць новую «яечную» дысцыпліну спорту


У англійскай вёсцы Сўотан (Swaton) 24 чэрвеня адбыўся чэмпіянат па «яечных відах спорту».

Адзін з арганізатараў спаборніцтваў, Эндзі Данлап (Andy Dunlop), распавёў пра намер дабівацца абвешчання «расейскай яечнай рулеткі» афіцыйным відам спорту: «Мы спрабавалі летась, каб расейскую яечную рулетку прызнала Брытанская спартовая рада, але арганізацыя адкінула гэтую дысцыпліну, хоць пагадзілася з чатырма іншымі. Сказалі, што не было актыўнага ўдзелу ў гульні. Мы сабраліся тут сёння, каб даказаць, што гэта, аднак, майстэрства».

Разнастайнасць яечнага спорту

У чэмпіянаце ўзялі ўдзел не толькі «спартоўцы» з Брытаніі, але і з аддаленых ад выспы куткоў: Гон-Конгу, Расеі, Паўднёвай Афрыкі, Грэцыі ды Нармандскіх астравоў. Былі прадугледжаныя некалькі дысцыплінаў: «яечная расейская рулетка», кіданне і перахоп яек з партнёрам, перанос яек на выцягнутай лыжцы, кіданне яек у цэль і г. д.

У спаборніцтвах па кіданню яек змагаліся каманды з двух чалавек. Адзін кідаў яйка свайму напарніку, той мусіў злавіць. Калі яйка заставалася цэлае, партнёры праходзілі ў наступны тур, у якім адыходзілі адзін ад аднога на некалькі крокаў і зноў шпурляліся «ладункамі», пакуль на полі бою не заставалася толькі адна каманда з цэлым яйкам.

Расейская яечная рулетка

Самай экстрэмальнаю ды найбольш папулярнаю была «яечная расейская рулетка», дзе ўдзельнікі разбівалі яйкі аб галаву. З шасці яек пяць былі звараныя ўкрутую, а адно заставалася сырое. У двубоі перамагаў удзельнік, чый лоб застаўся чысты.

Пераможаныя не гублялі добрага настрою, а цешыліся разам з тымі, каму ўдалося перамагчы.

«Я зразумеў, што гэта было сырое яйка, пасля таго, як падняў яго. Яно было халоднае, а іншыя – не. Але я ўжо ўзяў яго, і было позна, каб пакласці назад, таму давялося проста разбіць, што я і зрабіў», – пракаментаваў сваю няўдачу адзін з аматараў яечнага спорту.

Кожны ўдзельнік выбіраў наступную адмысловую «кулю» з напружаным тварам, а заўзятары стваралі сапраўдную «алімпійскую» атмасферу, аддана падтрымліваючы сваіх фаварытаў.

Яйкі для чэмпіянату абіралі паводле некалькіх крытэраў: яны мусілі быць ад курэй з вольнага выгулу, са шкарлупінаю вызначанай таўшчыні ды правераныя на свежасць.

belsat.eu

Стужка навінаў