Альтэрнатыўнай вайсковай службе – быць?


Ужо наступны прызыў у войска можа прайсці з улікам альтэрнатыўнай грамадзянскай службы. На гэта разлічваюць каардынатары кампаніі абароны правоў вайскоўцаў, а таксама самі прызыўнікі. Апошнім пакуль што застаецца або пераступаць праз свае перакананні ды браць у рукі зброю, або біцца з ваенкаматамі ў судах.



Ананімныя крыніцы паведамляюць

Галоўны барацьбіт за правы юнакоў на альтэрнатыўную службу, кіраўнік кампаніі “За АГСМіхаіл Пашкевіч ведае, што дзеля гэтага ў Беларусі не хапае толькі закону. Яго ўсё намагаюцца прыняць – ад 2004 г. Аднак цяпер з’явілася надзея, што ўжо сёлета хлопцы атрымаюць магчымасць выбару.

“Цяпер савет пры прэзідэнту ў профільным пытанні разгледзеў нашую канцэпцыю закону аб АГС. У ліпені яе маюць дапрацаваць у Міністэрстве працы і вярнуць у Савет Міністраў і Адміністрацыю прэзідэнта. У мяне ёсць інфармацыя, што новая Палата мусіць разгледзець гэты закон”, – кажа Міхаіл Пашкевіч.

Зброя ці сумленне

Альтэрнатыўную службу прыдумалі для тых, хто з перакананняў не можа браць у рукі зброі. Звычайна супраць традыцыйнай службы выступаюць з-за рэлігіі. Бабруйчанін Алег Яўзрэзаў з пацыфісцкіх перакананняў патрабуе альтэрнатыўнай службы… праз суд.

22-гадоваму Алегу ўжо двойчы адмаўлялі ў магчымасці замяніць аўтамат на швабру ці медычнае судна. Ваенкамат і мясцовы суд адпраўляюць спадара Яўзрэзава ў войска. Ён скардзіцца вышэй – у абласны суд.

“Я пацыфіст, і таму не магу ісці ў войска. На альтэрнатыўнай службе я мог бы працаваць у шпіталі, да прыкладу, або ў іншым месцы, дзе патрэбная дапамога”, – кажа ён.

Блізкая перамога

На змену заканадаўства спадзяецца і Яўген Асіеўскі, які ў кампаніі “За АГС” курыруе справу Яўзрэзава.

“Мы спадзяемся, што ўвосень будзе прыняты закон аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе, і разбор у справе Алега пяройдзе ў іншае рэчышча. І вынік будзе спрыяльны для ўсіх прызыўнікоў. Бо такая патрэба ёсць: сёлета праходзілі чатыры суды адносна АГС, і ўдалося “выратаваць” амаль усіх, акрамя Мускага”, – кажа Яўген Асіеўскі.

Міністэрства абароны баіцца альтэрнатыўнай грамадзянскай службы: там лічаць, што ўсе адразу кінуцца ў секты, каб не насіць вайсковых ботаў. Кампанія “За АГС” мае іншую пазіцыю. Звароты на іх гарачую лінію дазваляюць пабачыць, што пытанні альтэрнатыўнай службы непакояць 10 % юнакоў. З 1200 зваротаў альтэрнатыўную службу закранаюць каля 120 пытанняў. Астатнія праблемы датычаць абароны правоў вайскоўцаў у звычайным войску: парушаюцца правы на медычнае даследаванне, на звальненні, на абарону ад нестатутных дачыненняў.

belsat.eu

Стужка навінаў