«Платформа» папрасіла Эквадор не выдаваць Баранкова


Мясцовая Феміда вырашае лёс палітычнага ўцекача з Беларусі.

У ліпені 2009 г. Аляксандру Баранкову, былому міліцыянту, давялося пакінуць межы Рэспублікі Беларусь, бо КДБ завёў на яго крымінальную справу паводле абвінавачання па атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры і махлярства, а ў лістападзе 2009 г. яго вінавацілі ўжо ў здрадзе дзяржаве і арт. наўмысным раскрыцці дзяржаўнай таямніцы. Пасля ягонага ад’езду ў Эквадор, улады абвесцілі яго ў пошук Інтэрпола.

Суд і экстрадыцыя?

Цікава, што Баранкова затрымалі якраз напярэдадні турнэ Аляксандра Лукашэнкі па краінах Лацінскай Амерыкі. 21 чэрвеня над ім меў адбыцца суд. Пра гэта Баранкоў паведаміў праз тэлефон “Платформе”. Суд мусіў прыняць рашэнне адносна адабрання статусу ўцекача і экстрадыцыі Баранкова ў Беларусь, аднак рашэнне пакуль што застаецца невядомым. Намесніца дырэктара “Платформы” Алёна Красоўская-Каспяровіч лічыць, што шанцы экстрадыцыі палітычнага ўцекача ў Беларусь даволі высокія, як і цалкам магчымае ўжыванне катаванняў у выпадку Баранкова.

Паводле інфармацыі, атрыманай ад Красоўскай-Каспяровіч, Баранкоў спрабаваў скантактавацца з праваахоўнымі арганізацыямі Эквадору, але не атрымаў ніякай дапамогі. Прадстаўніца “Платформы” тлумачыць гэта нежаданнем эквадорскіх арганізацыяў канфліктаваць з кіраўніцтвам краіны і выклікаць на сябе рэпрэсіі.

Чаму шукаюць Баранкова?

Як патлумачыў сам Аляксандр у сваім звароце да “Платформы”, падчас службы ў праваахоўных органах Рэспублікі Беларусь ён выявіў шматлікія факты злоўжыванняў і карупцыі ў асяроддзі праваахоўных органаў і камерцыйных структураў. Менавіта гэтым ён тлумачыць пераслед з боку беларускіх спецслужбаў.

Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова “Платформа” ў сувязі з затрыманнем у Эквадоры беларускага палітычнага ўцекача Аляксандра Баранкова накіравала зварот у пасольствы шмат якіх краінаў свету, а таксама ў дыпламатычнае прадстаўніцтва Эквадору ў Маскве, у якім заклікала не выдаваць Баранкова ўладам Беларусі. “Платформа” нагадвае пра недапушчальнасць выдавання шуканай асобы дзяржаве, якую падазраюць ва ўжыванні катаванняў.

belsat.eu

Стужка навінаў