У Магілёве ствараюць міліцэйскае тэлебачанне


Тэлевізійная лабараторыя паўстае ў Магілёўскім вышэйшым каледжы Міністэрства ўнутраных справаў.

Яна мае забяспечыць каледж уласнымі навучальнымі відэафільмамі ды іншымі медыйнымі дыдактычнымі матэрыяламі. Ідэя ўзнікла ў самім каледжы, на кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплінаў.

Тэхніку ўжо набылі, цяпер са здольных курсантаў ствараюць творчае аб’яднанне. Ужо ў верасні іх чакае курс інтэнсіўнай падрыхтоўкі. Цягам трох месяцаў трэба будзе авалодаць азамі тэлевізійнай журналістыкі, асвоіць відэакамеру, навучыцца відэамантажу.

Пакуль што ў каледжы знялі пробны фільм “Ад пад’ёму да адбою” – пра будні навучэнцаў. Яго будуць паказваць у праграме Магілёўскага гарадскога тэлебачання “2-гі канал”, а потым на ім будуць вучыцца курсанты-тэлевізійнікі.

З новага навучальнага года яны будуць рабіць уласную інфармацыйную праграму пра жыццё ў каледжы. Штодзённыя выпускі будуць выстаўляць на ўнутраны адукацыйны партал і на сайт установы ў інтэрнэце. Палову матэрыялаў абяцаюць на беларускай мове.

Апрача гэтага, курсанты-тэлевізійнікі маюць асвятляць надзвычайныя здарэнні ды працу міліцыянтаў (з дапамогаю УУС Магілёўскага аблвыканкаму). Выпускнікі змогуць пасля працаваць прэс-афіцэрамі ў розных падраздзяленнях органаў унутраных справаў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары