Арыштавалі афіцэра міліцыі, які спрабаваў затрымаць спецназ ля Дому ўраду


Працаўнікі КДБ убачылі яго на відэа, якое трапіла ў інтэрнэт.

Лейтэнанта міліцыі Аляксандра Класкоўскага затрымалі позна ўвечары 20 снежня ў ягонай кватэры на праспекце Ракасоўскага ў Менску. Кадры, на якіх ён з акрываўленаю галавою спрабуе пераканаць працаўнікоў міліцыі са шчытамі ды дубінкамі, змясцілі ў інтэрнэце.

Афіцэр некалькі гадоў таму перайшоў з міліцыі на іншую працу. Ён сын журналіста, працаўніка БелаПАНу Аляксандра Класкоўскага.

Кватэру ўзялі штурмам 3 службоўцы КДБ у цывільным. У кватэры таксама была жонка Наталля. Дзверы ламалі невядомыя, таму Класкоўскія выклікалі міліцыю.

Яны канфіскавалі камп’ютар, фотаапараты, флэш-карты, зламалі мэблю. Самога Аляксандра Класкоўскага павезлі ў невядомым кірунку.

Паводле сястры затрыманага, Вольгі, словы якой прыводзіць БелаПАН, яго моцна збілі і абяцалі, што “арганізуюць яму ў “амерыканцы” (СІЗА КДБ. – БелаПАН) такое жыццё, што мала не будзе”. Яна таксама распавяла, што брата абвінавацілі ў тым, што ён нібыта плюнуў у твар спецназаўцу. Паводле Вольгі, працаўнікі КДБ, прозвішча аднаго з якіх было Лагун, запатрабавалі ў міліцыянтаў скласці пратакол за падманны выклік.

Вольга Класкоўская плануе звярнуцца ў праваабарончыя арганізацыі ды не выключае, што будзе арганізоўваць акцыі пратэсту каля беларускага пасольства ў Стакгольме, дзе яна жыве.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары