Рэпетыцыя параду: шостая і далёка не апошняя... (Фотарэпартаж)


Перад трыбунай, дзе 3 ліпеня будзе стаяць Лукашэнка, рота пачэснага караула трэніруецца шосты раз. Дзеля гэтага ў ноч на 26 чэрвеня ў цэнтры сталіцы на 2 гадзіны перакрылі рух. Рэпетыцыю вайскоўцы ў белых пальчатках скончылі апоўначы. На трыбунах для “высокіх” гасцей пабываў і карэспандэнт службы інфармацыі “Белсату”.

Афіцыйнае святкаванне Дня незалежнасці Беларусі адбудзецца 3 ліпеня — рэпетыцыі ж на мясцовасці пачаліся ўжо 11 чэрвеня. Першымі сталі вайскоўцы роты пачэснага караула, выступны якіх лічаць самымі відовішчнымі ды цікавымі ў парадзе. Сёння адбудзецца сёмая і апошняя рэпетыцыя. Далей — чарга трэніравацца каля Стэлы “Менск—горад герой” наступае для ваеннай тэхнікі (ноч 28 і 30 чэрвеня) ды моладзі (30 чэрвеня, 1 і 2 ліпеня).

На трыбуны, якія ўжо зараз стаяць змантаваныя, уваход вольны. Гэтай ноччу за трэніроўкай назірала каля сотні менчукоў. Спецназ ахоўваў спакой і парадак, а таксама правяраў у грамадзян змест вялікіх сумак.

Будзе па-багатаму

Парад 3 ліпеня пройдзе, што называецца, па-багатаму. Народу ўпершыню пакужуць зенітны ракетны комплекс “ТОР М2” і “вельмі складаныя прыёмы са зброяй”. У вайсковым парадзе ў Менску прымуць удзел больш як 5500 чалавек, 220 адзінак тэхнікі ды 35 паветраных судоў. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 25 чэрвеня ў Менску паведаміў камендант вайсковай камендатуры Узброеных сілаў Беларусі Анатоль Грыцаў.

Паводле яго, у пешых парадных разліках перад трыбунамі пройдуць 3700 чалавек. Сярод іх будуць выхаванцы Менскай сувораўскай вайсковай вучэльні, курсанты Вайсковай акадэміі ў франтавой форме адзення. У парадзе таксама будуць удзельнічаць прадстаўнікі Узброеных сілаў Расеі – падраздзяленне 76-й паветрана-дэсантнай дывізіі (Пскоў).

Сярод навінак тэхнікі пакажуць лёгкія браняваныя аўтамабілі кітайскай вытворчасці, закупленыя для сілаў спецыяльных аперацыяў, а таксама ўпершыню будзе прэзентаваны публіцы зенітны ракетны комплекс “ТОР М2”. У паветры гледачы ўбачаць верталёты Мі-8, Мі-2, Мі-24, самалёты Су-25, МіГ-29, Су-27, Л-39 і ваенна-транспартны самалёт Іл-76.

Усё гэта завершаць святочныя феерверкі з 30 стрэлаў, якія дадуць адразу з шасці пляцовак у сталіцы, а таксама ў крэпасці-героі Берасці ды абласных цэнтрах. Яны пачнуцца а 23.00 і працягнуцца 10 хвілінаў.

belsat.eu

Стужка навінаў