Лукашэнка ў пошуках сяброў


Сёння кіраўнік Беларусі распачаў сваё лацінаамерыканскае «турнэ». Першаю краінаю, куды ён завітаў, стала Куба.

Замест урачыстага прыёму беларускую дэлегацыю ў гаванскім аэрапорце прывітаў толькі намеснік міністра замежных справаў Кубы Дагабэрта Радрыгес. У планах беларускага прэзідэнта перамовы з кубінскім лідарам, а таксама цырымонія ўскладання кветак перад помнікам кубінскаму нацыянальнаму герою Хасэ Марці на плошчы Рэвалюцыі ў сталіцы краіны.

Працяг шматвектарнасці

Пасля Кубы Лукашэнка наведае Венесуэлу і Эквадор. Прэс-служба прэзідэнта падкрэслівае, што мэты гэтага візіту – развіццё гандлёва-эканамічных адносінаў, палітычны дыялог, а таксама наладжванне супрацы з краінамі лацінаамерыканскага рэгіёну.

Паводле палітолага Валера Карбалевіча, Лукашэнка «шукае кропкі апоры за межамі двухполюснасці, у якой апынулася Беларусь». Эксперт падкрэсліў, што беларускі прэзідэнт наўмысна выбірае цяпер эканамічна багатых «сяброў», прычым выбірае іх яшчэ і з палітычнага гледзішча. Будучыя сябры павінны трымацца антыамерыканізму і быць такімі ж ізгоямі на палітычнай арэне, як і кіраўнік Беларусі.

Эксперт дадаў, што адна з прычынаў замежнай паездкі кіраўніка дзяржавы – імкненне давесці свайму электарату, што Лукашэнка не ізаляваны, а карыстаецца павагаю ў свеце. Разам з тым Валер Карбалевіч з пэўнаю долю скептыцызму ацаніў паездку Лукашэнкі, бо, як адзначыў, была процьма візітаў, якія не закончыліся нічым.

Жыхары Менску, як відаць з праведзенага намі апытання, мяркуюць, што вынікам замежнага візіту кіраўніка Беларусі павінны быць прынамсі «танныя бананы» ў крамах.

belsat.eu

Стужка навінаў