Партыя БНФ не хоча грошай Ярмошынай


Фінансаванне дзейнасці кандыдатаў у дэпутаты ад Партыі БНФ можа весціся без адзінага рубля з дзяржаўнага бюджэту. Калі партыйцы здзейсняць сваю выбарчую стратэгію і знімуцца за тыдзень да галасавання, ім давядзецца вяртаць сродкі назад у бюджэт. А рабіць гэта ім не надта хочацца.

Подпісы дзеля подпісаў

На сённяшнім брыфінгу Партыя БНФ абвесціла свае планы на парламенцкія выбары, што адбудуцца 23 верасня. Апазіцыянеры ўжо склалі спіс магчымых кандыдатаў, іх будзе 36 чалавек. Яны будуць збіраць подпісы ў насельніцтва за сваё вылучэнне, аднак у камісіі на рэгістрацыю іх не здадуць. Мяркуецца рэгістрацыя ад імя партыі, каб пазбегчы магчымых непрыемнасцяў з «несапраўднымі» подпісамі.

Старшыня партыі Аляксей Янукевіч патлумачыў, што гэта будзе так званы абмежаваны абумоўлены ўдзел у выбарах: «Перад намі стаяць асноўныя задачы – гэта данясенне праўды пра сітуацыю ў краіне ды павышэнне падтрымкі Партыі БНФ сярод насельніцтва». Задачы прайсці ў парламент Партыя БНФ перад сваімі вылучэнцамі не ставіць.

Іхны ўдзел у выбарах абумоўлены выкананнем уладамі двух патрабаванняў партыі: адпусціць палітычных вязняў і ўключыць у выбарчыя камісіі яе прадстаўнікоў. Партыя БНФ ужо вызначылася, што гэта будуць 62 чалавекі. У адваротным выпадку ўсе кандыдаты знімуцца.

Як паказвае практыка, усіх палітвязняў Лукашэнка наўрад ці паспее выпусціць перад выбарамі, а на мінулых выбарах толькі 20% са спісу фронтаўцаў трапілі ў выбарчыя камісіі. Давядзецца здымацца.

План капітуляцыі

Пра тое, што Аляксей Янукевіч рыхтуецца да зняцця, кажа ход ягоных думак. На брыфінгу лідар партыі агучыў паслякапітуляцыйныя варыянты развіцця падзеяў у дзень галасавання.

«Мы хочам, каб людзей не ўводзілі у зман. Кандыдаты не будуць абяцаць, што пакладуць асфальт у раёне. Яны будуць казаць людзям, што не важна, якім чынам выказаць пратэст сённяшняй уладзе. Або вы прыйдзеце ды скажаце гэта сябрам камісіі гучна, каб усе пачулі, або прагаласуеце супраць усіх, або напішаце на бюлетэні «Жыве Беларусь!» ці «Свабоду палітвязням», – кажа ён.

Ніводнага рубля

Партыйцы разглядаюць варыянт самафінансавання ўдзелу ў выбарах. Зарэгістраваным кандыдатам на агітацыю выдзяляюцца пэўныя сродкі з бюджэту. І ў выпадку зняцця кандыдат мусіць вярнуць дарэмна патрачаныя грошы. Фронтаўцы хочуць пазбегчы непрыемнай сітуацыі ды не бачаць неабходнасці браць грошы ў Ярмошынай. Хаця гэта быў бы прыемны бонус для апазіцыі: за дзяржаўныя сродкі легальна правесці контрагітацыю рэжыму. Да прыкладу, на мінулых прэзідэнцкіх выбарах кандыдат ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў бюджэтныя 27 тыс. долараў выдаткаваў на друк амаль 900 тыс. улётак. Сёлета ўлёткі могуць надрукаваць на ксераксе.

Мэта апраўдвае сродкі

Згодна з новымі правіламі, кандыдаты могуць самастойна ствараць асабістыя выбарчыя фонды. Яны могуць быць не большыя за 100 млн руб. – 11 тыс. долараў. За гэтыя сродкі кандыдат купляе сабе тэле- і радыёэфір, плошчы ў газетах. Пра гэта на мінулым тыдні паведаміла Лідзія Ярмошына. Таксама яна прапанавала пасля выбараў з дзяржаўнага бюджэту фінансаваць партыі, што пройдуць у парламент. Гэтая ідэя датычыць толькі канструктыўных партыяў, тых, якія не заклікаюць да эканамічных санкцыяў і дбаюць пра імідж Беларусі на міжнароднай арэне.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары