Егіпет: краіна – у руках былога палітвязня


Мэгэмэд Морсі, кандыдат ад Партыі свабоды і справядлівасці ды грамадска-рэлігійнага руху “Браты-мусульмане”, перамог на прэзідэнцкіх выбарах і пачынае фармаваць урад.

У другім туры ён з невялікаю перавагаю абышоў свайго апанента Ахмэда Шафіка, паплечніка былога дыктатара Хосні Мубарака (51,7 % і 48,3 % галасоў адпаведна). Вайсковая рада Егіпту, якая падтрымлівала апошняга, доўга не называла гэтых лічбаў. Пасля пятнічных 200-тысячных пратэстаў на плошчы Тахрыр ў нядзелю вынікі галасавання ўсё ж абвесцілі.

ЗША назвалі выбары “значнаю падзеяй у пераходзе Егіпту да дэмакратыі”. Сам Морсі скончыў Паўднёва-Каліфарнійскі ўніверсітэт, двое з ягоных пяці дзяцей маюць амерыканскае грамадзянства.

Новы кіраўнік дзяржавы абяцае, што Егіпет будзе свецкаю дзяржаваю, з роўнымі правамі для мусульманаў і хрысціянаў, мужчынаў і жанчын. Але паколькі раней Вайсковая рада Егіпту пазбавіла прэзідэнта шматлікіх паўнамоцтваў і распусціла парламент, пытанне ў тым, на якія сферы жыцця зможа паўплываць Морсі.

Пры аўтарытарных кіраўніках Егіпту, у тым ліку Хосні Мубараку, рух “Браты-мусульмане” быў забаронены, а яго чальцоў пераследавалі ды саджалі ў турмы.

belsat.eu

Стужка навінаў