Волчак патрабуе закрыць ізалятар на Акрэсціна


Праваабаронца патрабуе ад сталічнай пракуратуры, каб Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў зрабілі такім, як вымагае заканадаўства.

Алег Волчак накіраваў у пракуратуру Менску адпаведны зварот. У ім ён піша, што ўмовы ўтрымання пад вартаю на Акрэсціна парушаюць артыкул 7 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах “Забарона катаванняў або жорсткага бесчалавечнага абыходжання, што прыніжае чалавечую годнасць, пакарання”.

Волчак заяўляе пра поўную адсутнасць мэблі ў камерах, “што парушае артыкул 25 і 27 правілаў унутранага распарадку”; пра нізкую тэмпературу і адсутнасць вентыляцыі; фактычную адсутнасць спальнага месца і пасцельных рэчаў; нездавальняючы санітарна-гігіенічны стан ягонай камеры, што прыніжае чалавечую годнасць; недастатковае асвятленне; забарону харчовых перадачаў і недаванне пітной вады; адсутнасць належнай медычнай дапамогі.

“Апрача таго, адчувалася прысутнасць пацукоў, якія стала перамяшчаліся пад дошкамі падлогі каля прыбіральні. Арыштаваныя былі вымушаныя закрыць дзірку ў падлозе кавалкамі паперы. Неналежнае прафілактычнае апрацаванне памяшканняў парушае арт. 94, 95 правілаў унутранага распарадку. Штодзённых шпацыраў на свежым паветры не давалі, што парушае п. 7 арт. 18.7 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях, а таксама арт. 96, арт. 97 правілаў унутранага распарадку. Зыходзячы з таго, што і ў камеры не было месца для фізічнай зарадкі, то неабходныя фізічныя практыкаванні дзеля нармальнага жыццезабеспячэння арганізму былі выключаныя, што ёсць жорсткім абыходжаннем”, – напісаў Волчак.

14 чэрвеня Волчак накіраваў падобны зварот да адмысловага дакладчыка ААН у катаваннях, у якім просіць яго наведаць ізалятар. Сам Алег Волчак адседзеў на Акрэсціна дзевяць дзён пасля таго, як 24 траўня яго асудзілі за “нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы”.

belsat.eu

Стужка навінаў