200 гадоў з пачатку вайны 1812 года


Два стагоддзі таму распачалася вайна паміж дзвюма імперыямі – расейскай і французскаю. Апоўначы 24 чэрвеня, «Вялікая армія» Напалеона перайшла Нёман. Войска Банапарта дайшло да Масквы і Барадзінскага поля, пасля чаго маразы і расейскія сілы пагналі іх назад.

Беларусы ў гэтай вайне змагаліся з абодвух бакоў. Адныя паверылі абяцанням Напалеона пра аднаўленне Рэчы Паспалітай, другія бараніліся ад агрэсара, якім у першы перыяд вайны былі французы.

У савецкай школе беларусаў прывучалі ганарыцца Кутузавым і Багратыёнам ды памятаць пра «нашую» перамогу ў Айчыннай вайне. Згадваліся партызанскія атрады, якія не давалі жыцця французскай арміі, ды гераізм мясцовых войскаў.

Вайна паміж дзвюма імперыямі падзяліла беларусаў, а пераможцы не забыліся пра тых, хто змагаўся на іхным баку. І дагэтуль выказваюцца меркаванні, што гэта была вайна для абароны «нашай супольнай радзімы». Але не ўсе беларусы падтрымалі расейскага цара

Партызанскі рух “за сябе”

Напалеона ў Беларусі падтрымлівала перадусім шляхта, што спадзявалася на ўтварэнне ВКЛ прынамсі на тых жа правах, на якіх існавала залежнае ад Францыі Варшаўскае герцагства. Аднак свабода не прыйшла разам з чужымі штыкамі.

«Варшаўскае герцагства не было насамрэч незалежнае. Яно было залежнаю ад Францыі дзяржаваю, але мела ўсе атрыбуты дзяржавы, і беларусы спадзяваліся на аднаўленне ВКЛ ужо ў складзе Французскай імперыі», – кажа гісторык Валянцін Голубеў.

Паводле адмыслоўца, беларускія сяляне ішлі ў партызаны не столькі з пачуцця патрыятызму, а каб абараніцца ад рэквізіцыяў як з французскага, так і расейскага боку. А адтуль ужо партызанілі супраць усіх.

Вайна 1812 г. не прынесла беларусам ні аднаўлення незалежнасці, ні вызвалення ад прыгоннага права. Затое на той свет забрала дзясяткі тысяч вайскоўцаў і мірных жыхароў з абодвух бакоў.

belsat.eu

Стужка навінаў